ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́,

адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз. вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз. рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз. вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл. бас. больш за 50 тыс. км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл. бас. 2—50 тыс. км²) і малая Р. (пл. бас. да 2 тыс. км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.​І.​Львовіча, П.​С.​Кузіна, Б.​Дз.​Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс. км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).

На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс. км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс. км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс. км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл. Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл. Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж.палеапатамалогія.

Літ.:

Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;

Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Назва Даўжыня,
км
Плошча
басейна,
тыс. км
Сярэднегадавы
расход вады,
м/с
Найбольшыя рэкі свету
Ніл (ад вытоку р. Кагера) 6671 2870 2,6 тыс. (каля г. Асуан)
Амазонка (ад вытоку р. Мараньён) 6400 7180 220 тыс.
Місісіпі (ад вытоку р. Місуры) 5970 3230 19 тыс.
Янцзы 5800 1808 34 тыс.
Об (ад вытоку р. Іртыш) 5410 2990 12,7 тыс.
Хуанхэ 4845 771 2 тыс.
Парана (з р. Уругвай) 4380 2663/2970 17,5/23 тыс.
Меконг 4500 810 13,2 тыс. (каля г. Пнампень)
Амур (ад вытоку р. Аргунь) 4440 1855 10,9 тыс.
Лена 4400 2490 16,5 тыс.
Конга (ад вытоку р. Луалаба) 4320 3700 46 тыс.
Макензі (разам з р. Піс ад вытоку р. Фінлі) 4250 1804 11 тыс.
Нігер 4160 2092 9,3 тыс.
Енісей (ад вытоку р. М.​Енісей) 4102 2580 19,8 тыс.
Мурэй (ад вытоку р. Дарлінг) 3750 1057 0,47 тыс.
Волга 3530 1360 7,71 тыс.
Найбольшыя рэкі Беларусі
Дняпро, увесь 2145 504 1670
у межах Беларусі 689 118 583
Нёман, увесь 937 98,2 685
у межах Беларусі 459 35 214
Зах. Дзвіна, уся 1020 87,9 666
у межах Беларусі 328 33,1 441
Прыпяць, уся 761 121 450
у межах Беларусі 500 52,7 383 (каля г. Мазыр)
Сож, увесь 648 42,1 219
у межах Беларусі 485 21,5 219
Бярэзіна 613 24,5 142
Рака Мухавец у г. Брэст.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)