умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.
1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.
2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.
3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
обустро́ить сов.
1. (подготовить, оснастить всем необходимым для проведения строительных и других работ) падрыхтава́ць (да будаўні́чых і і́ншых рабо́т);
обустро́ить бурову́ю сква́жину падрыхтава́ць бураву́ю свідраві́ну да рабо́ты;
обустро́ить строи́тельную площа́дку падрыхтава́ць да рабо́ты будаўні́чую пляцо́ўку;
2. (застроить) забудава́ць, мног. пазабудо́ўваць; (возвести) узве́сці;
обустро́ить микрорайо́н высо́тными дома́ми забудава́ць мікрараён вышы́ннымі дама́мі (узве́сці ў мікрараёне вышы́нныя дамы́);
3. (благоустроить, снабдить, обеспечить всем необходимым для жилья) устро́іць, уладкава́ць, абсталява́ць, добраўпара́дкаваць; (обжить) абжы́ць;
обустро́ить своё жильё устро́іць (уладкава́ць, абсталява́ць, добраўпара́дкаваць) сваё жыллё;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.
2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.
1. Злёгку, тонкім слоем замазаць. Госць адрэзаў ад доўгай булкі не па-тутэйшаму тоўстую лусту, нажом зачэрпаў са слоіка мармеладу, цераз сілу культурна прымазаў хлебныя ноздры чырвоным. Брыль.
2. Прымацаваць дзе‑н., далучыць да чаго‑н., замазваючы чым‑н. клейкім. Бабура на скорую руку залажыў дзірку зверху печы кавалкам іржавай бляхі і прымазаў глінаю, каб хоць дым не валіў на хату. Колас.
3. Разм. Змазаўшы чым‑н., прыгладзіць (валасы).
4. перан. Разм. Уладкаваць куды‑н. Томчак падарыў .. [Барылу] свой плюшавы камзол з галунамі і «прымазаў» у солтысы. Бажко.
5. У азартных гульнях — дадаць сваю долю да стаўкі якога‑н. іграка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іць 1, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.
1. што. Прымасціць, размясціць дзе‑н. Юрканс прыстроіў у кутку невялічкую свечку, якая ледзь мігцела. Броўка. Косцік зрабіў .. аж тры [шпакоўні] і прыстроіў на высокай бярозе каля хлява. Паслядовіч.
2. каго. Разм. Уладкаваць на работу, на якое‑н. месца і пад. — А там паглядзім, можа дзе і на якую работу прыстроім. Сабаленка. Яму [каню] б вазы вазіць, араць, Бо ў гэтым конскае прызванне, Яго ж прыстроілі у цырку выступаць. Корбан.
3. каго-што. Далучыць да строю, паставіць у строй; паставіць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Прыстроіць да левага фланга.
прыстро́іць 2, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
Разм. Апрануць па-святочнаму, прыбраць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.
2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.
3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.
4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устро́ить сов.
1. (соорудить, построить) устро́іць, зрабі́ць; (смастерить) змайстрава́ць; (приспособить для чего-л.) прыстро́іць, прыла́дзіць;
2. (организовать) арганізава́ць, нала́дзіць; (справить) спра́віць;
устро́ить встре́чу арганізава́ць (нала́дзіць) сустрэ́чу;
устро́ить сва́дьбу спра́віць вясе́лле;
3. (произвести, учинить) разг. устро́іць, учыні́ць;
устро́ить сце́ну устро́іць сцэ́ну;
устро́ить сканда́л учыні́ць сканда́л;
4. (привести в порядок) упара́дкаваць; (наладить) нала́дзіць, ула́дзіць;
устро́ить ко́мнату упара́дкаваць пако́й;
устро́ить семе́йную жизнь нала́дзіць сяме́йнае жыццё;
устро́ить дела́ упара́дкаваць (ула́дзіць) спра́вы;
5. (поместить, определить) устро́іць, ула́дзіць, уладкава́ць;
устро́ить на слу́жбу устро́іць (ула́дзіць, уладкава́ць) на слу́жбу;
6. разг. (оказаться подходящим) падысці́; (удовлетворить) задаво́ліць;
э́то меня́ устро́ит гэ́та мне пады́дзе, гэ́та мяне́ задаво́ліць;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.
1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.
2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.
3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.
4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.
5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Прывесці што‑н. у пэўны парадак. Калгасы адбудаваліся, упарадкавалі палі, аднавілі жывёлагадоўчыя фермы. Хадкевіч. Белай паперай заслалі [Валька і Тася] стол, упарадкавалі на этажэрцы кніжкі, яркую, радасную фіранку павесілі на акно. Мікуліч. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі, упарадкавала куфэрак, які звычайна брала ў дарогу. Даніленка. // і без дап. Навесці парадак дзе‑н. [Марына] упарадкавала ў хаце, узяла серп на плячо. Кавалёў. // Уладзіць; вырашыць. Пакуль дырэкцыя ўпарадкуе справы на новым месцы, мы ўсе адпачываем пасля цяжкага падарожжа і знаёмімся з горадам. Сяргейчык. // і каго. Давесці да ладу, уладкаваць. [Кажамяка:] А ўжо ж, як упарадкую дачку, дык трэба будзе заглянуць. Гурскі.
2. Добраўпарадкаваць. Упарадкаваць гарадскія кварталы. □ [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Трэба спачатку ўпарадкаваць дарогу, тады не будзе такога становішча. — Добра, я падумаю, пашукаю выйсця, — згадзіўся Бедыкоўскі. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.
2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)