ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,

атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЯНІ́Т, дыстэн,

мінерал падкласа ортасілікатаў, сілікат алюмінію Al2[SiO4]O. Прымесі жалеза (да 1%), хрому (1,8%), тытану (0,04%), вальфраму. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя слупкаватыя, радзей таблітчастыя, снопападобныя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер ад белага да блакітнага і густога сіне-зялёнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—7. Шчыльн. 3,5—3,7 г/см³. Утвараецца пры метамарфізме асадкавых парод, багатых гліназёмам, у зоне высокіх ціскаў, а таксама ў гранітных пегматытах. Сыравіна для вытв-сці вогне- і кіслотатрывалых матэрыялаў, алюмініевая руда. Радовішчы ў ЗША, Індыі (найбуйнейшыя), Бразіліі, Іспаніі, Аўстраліі і інш.

Кіяніт.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~10​4К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.

Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,

скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аната́з

(фр. anatase, ад гр. anatasis = выцягненне)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў, двухвокіс тытану чорна-сіняга, бурага або жоўтага колеру з алмазным бляскам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фергусані́т

[ад англ. Ferguson = прозвішча амер. хіміка (1750—1774)]

мінерал, складаны вокісел ніобію, танталу, тытану, ітрыевых рэдкіх зямель цёмна-бурага або чорнага колеру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРУ́НД (ад санскр. курувінда — рубін),

мінерал падкласа простых аксідаў, аксід алюмінію, Al2O3. Прымесі хрому, жалеза, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі бочкападобныя, таблітчастыя, слупкаватыя, дыпірамідальныя. Агрэгаты сярэдне- і тонказярністыя. Колер белы, шэры, сіні, чырвоны, жоўты, зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 9. Шчыльн. каля 4 г/см³. Паходжанне метамарфічнае, метасаматычнае; намнажаецца ў россыпах. Абразіўны матэрыял; сумесь К. (60—70%) з магнетытам, гематытам і шпінэллю — наждак. Празрыстыя разнавіднасці — каштоўныя камяні (рубін, сапфір). Сінт. К. з дабаўкамі Cr​3+, Fe​3+ атрымліваюць у прамысл. маштабах для квантавай электронікі, гадзіннікавай, ювелірнай прам-сці і інш.

Карунд.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Алег Рыгоравіч) (н. 11.5.1948, г. Пайдэ, Эстонія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1971), дзе і працуе. Навук. працы па хіміі напружаных аліцыклічных злучэнняў, метадах сінтэзу прыродных і біялагічна актыўных рэчываў. Адкрыў рэакцыю ўзаемадзеяння эфіраў карбонавых к-т з алкілмагнійгалагенідамі ў прысутнасці алкаксідаў тытану (рэакцыя К., 1988), якая выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе.

Тв.:

Карбеновые методы введения ацильных и ацилметильных групп в органические молекулы // Успехи химии. 1989. Т. 58, вып. 8;

Активированные циклопропаны в синтезе пятичленных карбо- и гетероциклов // Там жа. 1993. Т. 62, вып. 9.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАТАВА́ННЕ ў тэхніцы,

від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЫ́ДЫ неарганічныя,

злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).

Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)