«БУРАВЕ́СНІК»

(«Sturmvogel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.

1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.

2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.

3. звычайна мн. (тылы́, о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.

4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.

•••

З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВУЧЭ́ННІ (ваен.),

адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тра́верс 1, ‑а, м.

Спец.

1. Папярочнае прыкрыццё (насып) у акопах, траншэях, якое засцерагае ад агню з флангаў або з тылу.

2. Папярочная дамба, якая ідзе ад берага да сярэдзіны ракі.

[Фр. traverse.]

тра́верс 2, ‑а, м.

Спец. Пераход альпіністаў на маршруце, які праходзіць па грэбені горнага хрыбта і злучае некалькі вяршынь.

[Ад фр. treversee — пераезд, пераправа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ва2

(польск. ława)

1) баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу;

2) падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АТА́КА (франц. attaque),

найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у т. л. авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЛКА-ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (12.9.1893, с. Вялікая Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1962),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1934) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел., 1-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. штаба ўпраўлення тылу фронту, нам. камандуючага арміяй па тыле, нач. штаба арміі. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Берлінскай аперацыі. Да 1954 у Сав. Арміі. Чл. ЦК КПБ у 1954—56.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ар’ерга́рд

(фр. arriére-garde, ад arriére = задні + garde = ахова)

частка войска (або флоту), якая знаходзіцца ззаду галоўных сіл у паходзе і забяспечвае надзейнасць тылу (проціл. авангард 1).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ІНТЭНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,

ва ўзбр сілах многіх дзяржаў служба тылу, якая ажыццяўляе забеспячэнне войск харчамі, фуражом, рэчавай і абозна-гасп. маёмасцю, займаецца кватэрным і быт. абслугоўваннем. Узнікла ў 17 ст. ў Францыі, дзе ўпершыню паявіліся армейскія інтэнданты. У Расіі вядзе гісторыю ад створаных Пятром I у 1700 Правіянцкага і Асобага прыказаў. Ва ўзбр. сілах СССР існавала ў 1940—55 і 1958—59. Пасля яе скасавання службы, да кампетэнцыі якіх адносілася харч., рэчавае і кватэрна-эксплуатацыйнае забеспячэнне, сталі самастойнымі. Такая ж структура гэтых службаў захавалася і ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь. У арміях некаторых дзяржаў (Аўстрыя, Іспанія) І.с. існавала і ў 1980-я г.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЯ́ТАЯ КАЛО́НА».

назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.​Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.

А.Ф.Пятаковіч.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)