Ту́русы ‘грукат ад хуткай язды, тарахценне’, ‘пустое плявузганне’ (Нас.), туру́сы на калёсах ‘лухта, бязглуздзіца’ (Юрч. Фраз.), туру́сы, туро́сы ‘тс’ (Растарг.), турэ́сы ‘тс’: пачынае свае баі‑турэсы (С. Кухараў); відаць, сюды ж тру́сты на калёсах ‘выдумкі’ (Мат. Маг. 2), гл. Параўн. укр. туроса́ ‘шум, пагалоска, чутка?’; рус. туру́c ‘нешта цікавае, займальнае’, туру́сы: турусы на колёсах развозить (разводить) ‘весці пустыя размовы’. Словы спрэчнага паходжання. Традыцыйна пад увагу прымаюцца спалучэнні са словам калёсы, хаця яшчэ Карскі (2–3, 187) зазначыў, што ў зборніку беларускіх прыказак Насовіча го́ніць туру́сы (трэск) на коле́сах ‘гаворыць лухту’ апошняе слова азначае ‘воз’, а не ‘колы’, параўн. тыпалагічна падобнае польск. разм. bujda na resorach ‘лухта, хлусня’ (Ніч, Wybór pism, 2, 157). Вывядзенне з лац. turris ambulatoriae ‘вежа, якая рухаецца’, г. зн. абложная вежа (Міхельсон, Рус. мысль, 2, 394), у існаванні якіх звычайна сумняваліся (Лепешаў, ЭСФ, 370), нягледзячы на меркаванне Трубачова (Дадаткі, 125; гл. таксама Арол, 4, 120), застаецца малапераканальным (Фасмер, 2, 125). Семантыка сведчыць хутчэй пра гукапераймальнае паходжанне, на што звяртаў увагу яшчэ Насовіч (644), гл. турыць ‘гнаць’. Параўн. ЕСУМ, 5, 684.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаць1 ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘буркаваць’ (ТС), ‘цвыркаць’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘крычаць як жаба-туркалка ці турлушка’ (Нас.), ‘квакаць’ (ДАБМ, 303), туркну́ць ‘пратрашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘праляцець з шумам’ (Бяльк.) Параўн. укр. ту́ркати ‘буркаваць’, рус. ту́ркать ‘крычаць’, польск. turkać ‘стукацець, грукаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні, гл. ЕСУМ, 5, 681. Параўн. таксама тура́ць, туркаце́ць, турча́ць (гл.). Сюды ж ту́рканне ‘буркаванне шызага (‘сівога’) голуба’ (Нар. Гом.).

Ту́ркаць2 ‘будзіць тармосячы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.), ту́ркыць ‘прымушаць устаць крыкам’ (Бяльк.; мсцісл., З нар. сл.), ту́ркнуць ‘прыкрыкнуць’ (Юрч. Фраз. 1), ту́ркаты, ту́ркатэ ‘будзіць, турбаваць, дамагацца’ (Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.). Укр. ту́ркати ‘паўтараць адно і тое ж’, польск. turknąć ‘ударыць чым-небудзь у што-небудзь; штурхнуць’, славен. tûrkati ‘ціснуць, прыціскаць’, харв. tȕrkati, серб. ту̏ркати ‘праціскваць, прасоўваць’, дыял. ту̏ркат ‘напамінаць, каб нехта нешта зрабіў’, макед. турка ‘штурхаць, таўчы, падштурхоўваць’. Да прасл. *turьkati, якое ад *turati ‘гнаць; прыціскаць і інш.’ (Скок, 3, 525; Фурлан у Бязлай, 4, 250), гл. турыць. Сюды ж ту́ркала ‘той, хто робіць шум, лямант, не даючы спаць іншым’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́ркыньнік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ), ту́ркыньня ‘пакрыкванне, каб прымусіць выканаць’ (Юрч. Вытв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)