апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.
П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.
На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.
Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗКАў тэхніцы,
1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.
2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.
3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.
4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл.Пластычныя змазкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трыбало́гія
(ад гр. tribo = расціраю + -логія)
навуковая дысцыпліна, якая вывучае трэнне і знос вузлоў машын і механізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
паду́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.
1. Зашыты з усіх бакоў чахол, набіты пер’ем, пухам, паралонам ці іншым мяккім матэрыялам, які падкладваюць пад галаву.
Пуховая п.
2. Тое, што з’яўляецца апорай чаго-н., прымае на сябе ціск, трэннеі пад. (спец.).
П. механізма.
○
Кіслародная падушка — медыцынскі прыбор у выглядзе падушкі, якая змяшчае кісларод.
|| памянш.паду́шачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).
Падушачкі пальцаў (перан.).
|| прым.паду́шачны, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.
Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Суты́ра ’сварка’ (Мат. Гом.), суты́р, суты́рнік ’аматар судзіцца’, сутыра́цца ’цягацца па судах’, суты́ршчына ’цяганіна па судах, судовая спрэчка, прычэпка’ (свір., Ласт.). Параўн. рус.суты́рь ’сварка, непакой’, суты́рить ’спрачацца’. Узыходзіць да прасл.*sǫtorъ ’сутыкненне, трэнне’ (гл. сутарыца) з чаргаваннем галосных у аснове; да семантыкі параўн. рус.суто́рить ’плявузгаць’, гл. Фасмер, 3, 811, 812.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАКА́НСІЯў фізіцы,
дэфект крышталя, калі ў вузле крышталічнай рашоткі адсутнічае атам. Узнікае ў выніку цеплавых ваганняў атамаў, пры радыяцыйным апрамяненні, пластычнай дэфармацыі. Вакансіі абменьваюцца месцамі з суседнімі атамамі і хаатычна рухаюцца па крышталі. Рух вакансій — асн. прычына самадыфузіі (перамешвання атамаў у крышталях) і гетэрадыфузіі (узаемнай дыфузіі крышталёў, якія кантактуюць). Вакансіі могуць аб’ядноўвацца і ўтвараць складаныя дэфекты (ды- і трывакансіі, кластэры), а таксама спалучацца з дамешкамі і ўтвараць комплексы вакансій-дамешак. Наяўнасць вакансій істотна ўплывае на ўласцівасці крышталёў і фіз. працэсы (шчыльнасць, іонную праводнасць, унутр.трэнне, тэрмаапрацоўку, рэкрышталізацыю і інш.).
Літ.:
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).