адначасовае запаленне слізістай абалонкі гартані і трахеі пры віруснай інфекцыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бранхагра́фія
(ад бронхі + -графія)
метад рэнтгеналагічнага даследавання трахеі і бронхаў пасля ўвядзення ў іх кантрастнага рэчыва.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛЛЯ́К,
устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бранхаско́п
(ад бронхі + -скоп)
прыбор для даследавання трахеі і бронхаў, які ўводзіцца ў арганізм праз рот і гартань.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
трахеатамі́я
(ад трахея + -тамія)
хірургічнае аперыраванне трахеі з увядзеннем у яе спецыяльнай трубкі; прымяняецца пры звужэнні гартані для ўстанаўлення дыхання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПЯТРО́ЎСКІ Барыс Васілевіч (н. 27.6.1908, г. Есентукі Стаўрапольскага краю, Расія),
расійскі вучоны ў галіне хірургіі; арганізатар аховы здароўя і грамадскі дзеяч. Акад.Рас.АН (1966), АМНСССР (1957). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). З 1948 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це. З 1949 у Будапешцкім ун-це. З 1951 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1956 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1963 адначасова ва Усесаюзным НДІ клінічнай і эксперым. хірургіі (дырэктар). У 1965—80 міністр аховы здароўя СССР. Навук. працы па хірург. метадах лячэння рака стрававода, парокаў сэрца, крывяносных сасудаў, пытаннях пералівання крыві. Распрацаваў метады перасадкі нырак, пластыку бронхаў і трахеі, выкарыстаў штучныя клапаны сэрца ў кардыяхірургіі. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1965, 1971.
Тв.:
Аневризмы сердца. М., 1965 (разам з І.З.Казловым);
Пересадка почки. М., 1969 (у сааўт.);
Трансфузионная терапия в хирургии. М., 1971 (разам з Ч.С.Гусейнавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),
дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.
Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТА́НЬ,
пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.
Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл.Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЛЕНІСТАНО́ГІЯ (Arthropoda),
тып беспазваночных жывёл. 4 падтыпы: трылабітападобныя (з выкапнёвым кл.трылабітаў), трахейнадыхальныя, хеліцэравыя, шчэлепадыхальныя. Каля 3 млн. відаў. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Жывуць у паветры, на паверхні зямлі, у глебе, вадзе. Найб. разнастайныя і шматлікія насякомыя, ракападобныя, павукападобныя, мнаганожкі.
Цела двухбакова-сім., сегментаванае, укрытае хіцінавай кутыкулай, якая ўтварае панцыр. У целе 3 аддзелы: галава, грудзі і брушка, якія ў розных камбінацыях зліваюцца паміж сабой. Перамяшчаюцца з дапамогай членістых канечнасцей (адсюль назва). Галаўныя канечнасці ператварыліся ў сківіцы. Органы дыхання — лёгачныя мяшкі, трахеі або шчэлепы. Крывяносная сістэма незамкнёная, у спінной ч. цела размешчана сэрца. У стрававальнай сістэме пярэдняя, сярэдняя і задняя кішкі з вываднымі адтулінамі; выдзяляльная сістэма прадстаўлена залозамі і мальпігіевымі сасудамі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога мозга, каляглотачных вузлоў і брушнога нерв. ланцуга. Многія Ч. маюць добра развітыя органы пачуццяў, у т. л.фасетачныя вочы, розныя механа- і хемарэцэптары, органы слыху. Размнажэнне палавое, зрэдку — шляхам партэнагенезу. Развіццё часта з метамарфозам. Рост магчымы праз перыядычныя лінькі. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і паразіты. Многія Ч. карысныя: ядомыя, вытворнікі каштоўных прадуктаў, апыляльнікі раслін; выкарыстоўваюцца ў барацьбе са шкоднікамі с.-г. культур. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб жывёл і чалавека, шкоднікі с.-г. культур. Адыгрываюць важную ролю ў біясферы.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;