Муці́ць, муці́ці, муці́цца, мутэ́тэ, муты́ты, муті́ті ’рабіцца мутным, каламуціцца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ’паласкаць адзенне’ (віл., Сл. ПЗБ), ’не даваць спакою, трывожыць’, ’разводзіць плёткі’, ’узбураць, каламуціць’, ’хлусіць, падманваць’, ’цягнуць на рвоту, быць у стане млосці’, ’хварэць на жывот (пра парасят, калі іх аднімуць ад маткі)’ (ТСБМ, Нас., Бес., Выг. дыс., Сл. бел. фраз.; пруж., Бел. хр. дыял.; палес., З нар. сл., Нар. лекс., Сл. Брэс., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мути́ти, рус. мути́ть, польск. mącić, н.-луж. muśis, в.-луж. mucić, чэш. moutiti, ст.-чэш. mútiti, славац. mútiť, славен. motíti, серб.-харв. му́тити, макед. мати, балг. мътя, ст.-слав. мѫтити. Прасл. mǫtiti — ітэратыў да męsti ’збіваць з панталыку’ > мяце́ж (гл.) — роднасны да ст.-інд. manthayati, mā̆thayati ’трасе, перашкаджае’, mathnā́ti, mánthati, máthati, авест. mant‑ ’мяшае, боўтае; сукае, круціць’, ст.-ісл. modullтачыла’, а таксама (з іншай ступенню вакалізму) літ. mentùris, mentùrė ’калатоўка’ (Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181; Фасмер, 3, 18; Махэк₂, 355; Бязлай, 2, 197).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КО́ЎКА,

апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.

З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл. Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).

На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.

Літ.:

Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;

Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;

Беларусы: У 8 т. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.

Я.М.Сахута, У.М.Сацута.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)