НАВАГРУ́ДСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.​Пяцэвіч, Я.​Цеханоўскі, П.​Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.​Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.

А.​С.​Анішчык.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

najechać

najecha|ć

зак.

1. наехаць;

~ć na słup — наехаць на слуп;

2. зрабіць (учыніць) набег (напад);

Tatarzy ~li Polskę — татары зрабілі набег на Польшчу

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.​Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.​Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.​Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.

Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.

А.​І.​Валахановіч.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,

умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст. Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,

вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,

сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст. г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.

Літ.:

Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;

Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;

Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)