нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.
2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разно́счык, ‑а, м.
1. Той, хто разносіць што‑н. У турме быў устаноўлены штат арыштантаў: разносчыкаў хлеба, кіпню і гарачай стравы ў абед. Колас. — Эх, і патурыў .. [афіцэр] нас з Санькам са двара, беглі — спыніцца не маглі. Казаў, і нас зараз жа забярэ, як разносчыкаў хваробы. Сяркоў.
2. Прадавец, які вядзе гандаль уразнос. Разносчык марожанага. □ У гэтым хоры размаітых галасоў асабліва вылучаліся настойлівыя выкрыкі разносчыкаў і ўладальнікаў тых гандлёвых «стацыянараў», якія называюцца разваламі. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паскупі́цца, ‑скуплюся, ‑скупішся, ‑скупіцца; зак.
Праявіць скупасць, празмерную эканомію. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. У нядзелю пайшла Маўра на базар прадаваць шчаўе... Да базары паскупілася пусціць дзешавей, прасядзела ледзь не да вечара. Сяркоў. — Сёння Амархан не паскупіўся, плоў прыгатаваў, — адказаў Мікола. Даніленка. // на што. Даць, выказаць мала чаго‑н. Паскупіцца на пахвалу. □ Але ж яшчэ не было такога, каб паляўнічы паскупіўся на фарбы для апісання велічыні той дзічы, якую ён упаляваў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
травяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца травою, складаецца з травы. Травяністыя расліны. □ Жыта ўрадзіла рэдкае і травяністае. Сяркоў.
2. Які зарос травою. Крокаў за сто трапіўся травяністы грудок. Місько. Позірк .. [Сабіны] прабягае па травяністых дарожках — то да хлява, да павеці, то да закінутага ля плота старога паграбка з чорным, праселым падстрэшкам. Ракітны.
3. Па выгляду, па будове падобны да травы. Травяністая папараць.
4. перан. Па смаку падобны да травы; нясмачны. Травяністы чай.
5. Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Травяністая бягонія.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свісту́н, ‑а, м.
1. Той, хто свішча, любіць свістаць. Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. Сяркоў.
2. перан. Чалавек, які шмат гаворыць, а мала робіць, які несур’ёзна адносіцца да справы; балбатун. Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды І гэтай вудавай маруды, Во вуды любяць больш паны І, выбачайце, свістуны. Колас. Свет.. [Мані] зачыніўся, як прыехаў гэты свістун [Антось Бандура]. Васілевіч.
•••
Арэх-свістун гл. арэх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скаро́дзіць, ‑роджу, ‑родзіш, ‑родзіць і скарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што і без дап.
1. Разрыхляць бараной зямлю. Вадзіць каня на начлег я пачаў з год васьмі, скародзіць і араць, — калі яшчэ не ставала сілы ўскласці плуг на калёсы. Русецкі. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. — Тады запрагайце, хлопцы, коней і гайда ячмень скародзіць! — распарадзілася Нінка. Сяркоў.
2. Пакідаць баразну, след. [Янук] скародзіў .. [нагамі] снег, упіраючыся ў кожны выступ зямлі. Лупсякоў. / у перан. ужыв. Зноў завялі сець, зноў пачалі скародзіць мора. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустава́ць, ‑туе; незак.
Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.
2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.
3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.
•••
Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Спрытны і жвавы ў рабоце. Стала.. [цётка] жвавая, упраўная, усё ў руках гарыць: снеданне гатуе, .. па бадоўлі цесляру памагае. Сяркоў. [Анішчук:] Упраўная [Вясніна] каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць. Гурскі. / Пра рухі, рукі. [Салдаты] ўпраўнымі, звычнымі рухамі земляробаў, не разгінаючыся, моўчкі закідвалі тугімі лустамі.. зямлі вузкую, чорную яму. Самуйлёнак. // Які паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Чалавек, што памагаў.. [Марыне] сеяць,.. распрагаў коней і пахмура бубніў: — Твой дзевер, Марына, вельмі ж упраўны. Куды ні прыеду, а ў яго ўжо гатова. Узарана і пасеяна. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)