хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.

1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.

2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врскасцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

біць, збіваць, удараць, сцёбаць, сцябаць, катаваць, лупцаваць, перыць; хвастаць, жарыць, латашыць, лупіць, таўчы, шпыляць, куксаць, калашмаціць, акладаць, батожыць, пісажыць, шлёгаць, шалёстаць, гасіць, гахаць, пярэсціць, дубасіць, джвагаць, гваздаць, бамберыць (разм.); частаваць, хрысціць, сячы, паласаваць, малаціць, мясіць, грэць (перан.) □ лічыць скабы, даваць кухталёў

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Пля́скаць, пляска́ць, пля́скыць ’удараць’, ’біць, хвастаць, сцёбаць’, ’стукаць далонню аб далонь ці па чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Яруш., Шат.; ашм., Стан.), ’апладзіраваць’ (ельск., хойн., Мат. Гом.); ’пляскаць па вадкасці’ (Шат., Сл. ПЗБ); ’плямкаць, чмякаць пры ядзе’ (сміл., Стан.; Шат.), пля́цкаць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пляска́ць ’біць молатам’ (Касп.), ’таптаць, дратаваць’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); пля́скаць ’барабаніць, звінець (аб лыжках і місцы)’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), экспр. ’касіць нізкую рэдкую траву’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’рабіць, майстраваць’ (карм., Мат. Гом.); плеска́ць ’ляскаць, пляскаць’ (ТС); пля́скаць ’біць па твары далонню’ (Нас.; Бяльк.: жлоб., Мат. Гом.). Укр. пля́скаты, пле́скати ’біць у далоні’, ’плёхаць па гразі’, ’гаварыць многа і абы-што’, ’кляпаць’, а таксама бойк. пля́цкати ’плямкаць, еўшы’, польск. plaskać ’гучна удараць далонню’, ’выдумляць, нагаворваць’, дыял. паморск. płaskac, plaskac ’пляскаць далонню на вадзе’, чэш. мар. pláskati, ляш. pľaskať ’пляскаць, шлёпаць’, славац. pľasknúť ’пляснуць па шчацэ, спіне’, ’бразнуць (дзвярыма)’, ’лопнуць (пра пупышку)’, ’пляснуцца (у гразь)’; славен. plȃskati ’пляскаць, апладзіраваць’, ’падрубаць’, ’крычаць’, plaskati, plaskáti ’біць у далоні’, серб.-харв. чак. пљаска̏ти ’пырскаць, пляскаць па вадзе’, макед. пласка ’удараць далонню’, ’вярзці лухту’, ст.-слав. плесклти ’ляскаць, ляпаць’. Прасл. *plaskati, варыянт *ploskati, роднаснае літ. ploskúoti ’пляскаць (рукамі), чмякаць’, ’бразгаць’ < і.-е. plok‑sk‑ ’плоскі’, ’біць, таўчы’ (Сной–Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 598) выводзіць польск. plaskać з прасл. plěsk‑a‑ti, якое з’яўляецца ітэратывам да *pleskati > бел. пле́скаць (гл.). Сюды ж з пераносным значэннем пля́ска́ць ’гаварыць многа і абы-што’ (Нар. Гом.; Шат.; Касп.), ’плявузгаць, малоць языком’ (Сл. ПЗБ), пляска́ч ’пустаслоў, пляткар’, ’які гаворыць абы-што’ (Скарбы), ’балбатун’ (Сцяшк. МГ), пля́скыньнік ’тс’ (Юрч. СНЛ), пляскава́ць ’плявузгаць, несці лухту’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. чэш. pleskati ’тс’, славац. pleskotať ’тс’, паморск. plesk​uotac ’неразумна ілгаць’, якія Фурлан (JS, 39, 4, 123) узводзіць да *ple‑sk‑ < і.-е. *(s)pele‑, параўноўваючы з літ. pleškė́ti, лат. plekšet ’ілгаць’, што неабавязкова.

Пляска́ць ’рабіць пляскатым, плюшчыць’ (ТСБМ, Касп.), ’абабіваць лапатай’ (Сцяшк. Сл.), плыска́ты ’пляскаць (пра метал)’ (драг., Жыв. сл.), пляску́шка ’невялікі, расплясканы кавалак металу’ (Юрч. Вытв.). Да пля́скаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)