ЛІСТАСЦЯБЛО́ВЫЯ ІМХІ́, сапраўдныя імхі (Bryopsida, або Musci),
клас мохападобных. 3 падкл.: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі. Каля 15 тыс. відаў (паводле інш. звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асн. дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўж. 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анат. будове. Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя. Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх.Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс.га, у т. л. 45 тыс.га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс.га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс.га) і балоты (больш за 17 тыс.га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пнеўрап.ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.