БЕ́РГСТРЭМ (Bergstrom) Суне (н. 10.1.1916, Стакгольм),

шведскі біяхімік. Чл. Каралеўскай Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976), АМН СССР (1982), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук у Бостане. Праф. (1947). Скончыў Каралінскі ін-т у Стакгольме (1943). З 1947 у Лундскім ун-це, з 1958 і ў 1970—77 (рэктар) у Каралінскім ін-це, з 1960 у Базельскім ун-це (Швейцарыя). Навук. працы па хіміі і біяхіміі простагландзінаў, біясінтэзе і абмене жоўцевых кіслот і халестэрыну, біяхіміі гепарыну. Старшыня Савета дырэктараў Нобелеўскага фонду (1975). Нобелеўская прэмія 1982 (разам з Б.Самуэльсанам і Дж.Вейнам).

С.Бергстрэм.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКСЕ́ЛЬ (Wicksell) Кнут (20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),

шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.​Р.​Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАЎ II Адольф

(Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),

кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял. тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.

Густаў II.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАНО́САЎ Міхаіл Пятровіч (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́АЛАНД (Svealand),

гістарычная вобласць у Швецыі. Займае сярэднюю частку краіны. Пл. 81 тыс. км². Нас. каля 3,5 млн. чал. (2000). Большую частку тэр. займаюць нізінныя раўніны вакол азёр Меларэн, Ельмарэн, Венерн; на Пн — узвышаны раён. Пераважаюць хвойныя лясы. Вобласць дае больш за 40% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., чорная металургія, цэлюлозна-папяровая. У сельскай гаспадарцы пераважае збожжавае земляробства і малочная жывёлагадоўля. Важнейшыя гарады і прамысл. цэнтры: Стакгольм, Упсала, Вестэрос, Эскільстуна, Эрэбру, Карльстад. У 11—16 ст. на тэр. С. склалася гіст. ядро шведскай дзяржавы.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁДЭРСТРЭ́М (Söderström) Элізабет (н. 7.5.1927, Стакгольм),

шведская спявачка (сапрана). З 1947 выступала ў Стакгольме ў зінгшпілях і аперэтах. З 1950 салістка Швед. каралеўскай оперы, у 1959—64 — «Метраполітэн-опера». З 1960-х г. выступала ў Вялікабрытаніі, у т. л. з 1967 у т-ры «Ковент-Гардэн». Выканаўца вядучых партый у операх В.​А.​Моцарта, Р.​Штрауса, Дж.​Пучыні, П.​Чайкоўскага. У камерным рэпертуары значнае месца займае рус. вак. музыка, у т. л. рамансы С.​Рахманінава. Аўтар кніг «У маім выкананні» (1978), «Песня ад Элізабет» (1986).

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЦЭ́ЛІУС (Berzelius) Ёнс Якаб (20.8.1779, Веверсунда, каля г. Лінчэпінг, Швецыя — 7.8.1848),

шведскі хімік і мінералог. Чл. Каралеўскай шведскай АН (1808), яе прэзідэнт (1810—18). Скончыў Упсальскі ун-т (1801). У 1802—32 працаваў у Медыка-хірургічным ін-це ў г. Стакгольм. Адкрыў хім. элементы цэрый, селен, торый. Стварыў электрахім. тэорыю хім. роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Вызначыў ат. масы 45 хім. элементаў, увёў сучасныя сімвалы хім. элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз». Аўтар падручнікаў па хіміі.

Літ.:

Соловьев Ю.И., Курнной В.И. Якоб Берцелиус: Жизнь и деятельность. 2 изд. М., 1980.

Ё.Я.Берцэліус.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН (Bergman) Інгрыд (29.8.1915, Стакгольм — 29.8.1982),

шведская актрыса. Вучылася ў школе пры Драм. т-ры ў Стакгольме. У кіно здымалася з 1934. Актрыса шматграннага таленту, разнастайных амплуа, пераймала ў сваёй творчасці розныя стылі і творчыя манеры, спецыфіку розных нац. школ. Сусв. прызнанне атрымала пасля здымак у стужках «Газавае святло» (1944, прэмія «Оскар»), «Анастасія» (1956, прэмія «Оскар»), «Зачараваны», «Дрэнная слава» ў ЗША; «Стромбалі, зямля божая» (1950), «Еўропа-51» (1951) у Італіі, «Алена і мужчыны» (1956) у Францыі, «Жоўты ролс-ройс» (1965), «Кветка кактуса» ў Вялікабрытаніі, а таксама ў фільмах «Сведэнх’ельмы» (1935), «Забойства ва Усходнім экспрэсе» (1975, прэмія «Оскар»), «Восеньская саната». Аўтар кн. «Мая гісторыя» (1980, з А.​Бургес).

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Карл Мане Георг (3.12.1886, г. Эрэбру, Швецыя — 25.9.1978), шведскі фізік, заснавальнік рэнтгенаўскай і ядз. спектраскапіі. Чл. Швед. АН (1922). Лонданскага каралеўскага т-ва (1933). Замежны чл. АН СССР (1958). Бацька К.​М.​Сігбана. Скончыў Лундскі ун-т (1911), дзе і працаваў (з 1920 праф.); у 1924—37 праф. Упсальскага ун-та. У 1937—64 дырэктар Нобелеўскага ін-та фізікі (Стакгольм). Навук. працы па спектраскапіі рэнтгенаўскага выпрамянення, ядз. фізіцы і ядз. спектраскапіі. Прапанаваў новыя метады атрымання рэнтгенаўскіх спектраў высокага раздзялення, вывучыў рэнтгенаўскія спектры хім. элементаў і адкрыў новыя спектральныя лініі. Выявіў дысперсію рэнтгенаўскіх прамянёў. Сканструяваў шэраг спец. спектральных прылад. Нобелеўская прэмія 1924.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАРЭ́ЛЬ (Theorell) Аксель Хуга Тэадор (6.7.1903, г. Лінчэпінг, Швецыя — 15.8.1982),

шведскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. (1942), прэзідэнт (1967—69) Каралеўскай АН Швецыі, чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1959) і інш. Скончыў Каралінскі мед. ін-т у Стакгольме (1930), дзе і працаваў. У 1932—36 ва Упсальскім ун-це, у 1933—35 разам з О.Варбургам у Ін-це фізіялогіі клеткі ў Берліне. У 1937—70 дырэктар, праф., заг. аддзела Нобелеўскага мед. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па вывучэнні структуры і механізмах уздзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў. Атрымаў у крышт. выглядзе міяглабін, пераксідазу хрэну, цытахром С, алкагольдэгідрагеназу і інш. Нобелеўская прэмія 1955.

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Тэарэль.

т. 16, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)