КОН ((Kon) Фелікс Якаўлевіч) (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛІК (Сяргей Піліпавіч) (25.10.1846, в. Свадкавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1926),

бел. рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Пецярбургскім і Кіеўскім ун-тах. Падтрымліваў сувязі з М.​А.​Бакуніным, П.​Л.​Лаўровым, П.​М.​Ткачовым. Стварыў народніцкія гурткі ў Пецярбургу, Харкаве, Саратаве, Самары і інш., якія вялі агітацыю сярод сялян. У ліп. 1874 арыштаваны ў Самарскай губ. разам з М.К.Судзілоўскім, адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па працэсе 193-х (1877—78) асуджаны на 10 гадоў катаргі. З 1880 у ссылцы ў Якуціі. З 1898 працаваў у Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Мінскай гар. думы, старшыня Мінскага губ. зямельнага к-та. У 1920—22 у нар. камісарыяце сац. апекі БССР. З 1922 выкладчык Мінскага палітэхнікума. Старшыня Мінскага аддз. т-ва паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Аўтар успамінаў «Рэвалюцыйны рух сямідзесятых гадоў і працэс 193-х» (надр. 1928), артыкулаў у час. «Былое» і «Каторга и ссылка».

Э.​А.​Ліпецкі.

С.П.Кавалік.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паліты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з палітыкай (у 1 знач.); заснаваны на палітыцы. Палітычная барацьба. Палітычная актыўнасць мае. Палітычная партыя. □ Замест абразоў на сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячоў. Колас. Камісар пакінуў упраўленне палітычнай прапаганды фронту, каб прасачыць за пераправай. Лынькоў. // Дзяржаўны, грамадзянска-прававы. Палітычная ўлада. □ Прыгонныя сяляне ў галіне ўсякіх палітычных правоў былі выключаны абсалютна. Ленін.

2. Які мае адносіны да палітыкі (у 3 знач.). Палітычны зняволены. Палітычная ссылка. / у знач. наз. паліты́чны, ‑ага, м.; паліты́чная, ‑ай, ж.

3. Уст. Дыпламатычны, прадбачлівы. Васіль .. уголас не выказаў свае думкі, бо .. быў чалавек палітычны і спрытны. Колас. // Умела разлічаны (аб учынках, паводзінах і пад.). Палітычнае абыходжанне.

•••

Палітычная смерць гл. смерць.

Палітычная эканомія гл. эканомія.

Палітычны крызіс гл. крызіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,

у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл. Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр. б. Югаславіі пасля 25.6.1991.

Літ.:

Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;

Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),

прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс. чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс. чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.

Літ.:

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;

Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;

Хацкевіч А Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2.

А.​Ф.​Хацкевіч.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)