кірунак метадалогіі навук. пазнання і сац. практыкі, у аснове якога разгляд аб’ектаў як сістэм. Спецыфіка С.п. ў тым, што ён арыентуе даследаванне на раскрыццё цэласнасці аб’екта, выяўленне разнастайных тыпаў сувязі складанага аб’екта і звядзенне іх да адзінай тэарэт. карціны. У наш час С.п. займае адно з вядучых месц у навук. пазнанні. Перадумовай пранікнення яго ў навуку з’явіўся перш за ўсё пераход да новага тыпу навук. задач: у многіх галінах навукі гал. сталі праблемы арг-цыі і функцыянавання складаных аб’ектаў; пазнанне ўсё больш аперыруе сістэмамі, межы і склад якіх далёка не відавочныя і патрабуюць спец. даследавання ў кожным асобным выпадку. Аналагічнага тыпу задачы ўзніклі і ў сац. практыцы, калі замест лакальных, галіновых задач і прынцыпаў вядучую ролю пачалі адыгрываць буйныя комплексныя праблемы, якія патрабуюць цеснага ўзаемаўвязвання эканам., сац., экалагічных і інш. аспектаў грамадскага жыцця. Развіццё даследаванняў у гэтым кірунку выявіла недастатковасць агульнай тэорыі сістэм, якая ўжывалася раней. Для абазначэння больш шырокай сферы метадалагічных праблем з 1970-х г. пачалі ўжываць тэрмін «С.п.» Паняцці і прынцыпы С.п. выяўляюць больш шырокую пазнавальную рэальнасць у параўнанні з той, што фіксавалася ранейшымі ведамі, даюць новую схему тлумачэння, у аснове якой пошук канкрэтных механізмаў цэласнасці аб’екта, выяўленне поўнай тыпалогіі яго сувязей. З важнага для С.п. тэзіса аб разнастайнасці тыпаў сувязей вынікае, што складаны аб’ект дапускае не адно, а некалькі расчляненняў, з якіх неабходна выбраць «адзінку» аналізу, якая дасць магчы.масць фіксаваць цэласныя ўласцівасці аб’екта, яго структуру і дынаміку. Па пазнавальных устаноўках С.п. мае шмат агульнага з структуралізмам і структурна-функцыянальным аналізам.
Літ.:
Блауберг И.В., Юдин Э.Г. Становление и сущность системного подхода. М., 1973;
Уемов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Каган М.С. Системный подход и гуманитарное знание. Л., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),
від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.
Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл.Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл.Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж. прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.М.Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.Х.Александровіча, Р.В.Булацкага, С.В.Говіна, С.В.Марцэлева, І.І.Сачанкі, Б.В.Стральцова, М.Я.Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ,
агульнабіялагічны працэс узроставых змен у арганізме, які прыводзіць да зніжэння жыццяздольнасці і павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і адбываецца на ўсіх узроўнях арганізацыі жывога — ад малекулярна-генет. да арганізменнага. Развіваецца гетэрахронна (з рознай хуткасцю ў розных клетках, тканках, органах) і гетэратопна (неаднолькавыя якасныя змены ў розных структурах). Вядучыя механізмы С. на клетачным узроўні: дэградацыя і гібель ч. клетак, зніжэнне мітатычнай актыўнасці і колькасці мітахондрый, разбурэнне лізасом, змена эл. уласцівасцей плазматычных мембран, паніжэнне лабільнасці клетак і памяншэнне адэкватных рэакцый на фізіялагічна актыўныя рэчывы. Вядучыя механізмы на арганізменным узроўні (для вышэйшых жывёл): аслабленне функцый асн.фізіял. сістэм арганізма (нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і інш.), зніжэнне нерв. кантролю над іх дзейнасцю, змена рэактыўнасці на ўздзеянне гармонаў, парушэнні на этапе паступлення інфармацыі ў нерв. цэнтры. Агульнапрынятыя тлумачэнні працэсаў С. адсутнічаюць. Існуе мноства гіпотэз, у адпаведнасці з большасцю іх — першасныя механізмы С. звязаны са зменай генет. апарата клеткі. У ходзе жыцця ў арганізме мабілізуюцца прыстасавальныя механізмы, якія тармозяць працэсы С. і спрыяюць павелічэнню працягласці жыцця. У чалавека высокі ўзровень сацыяльна-прац. актыўнасці і пастаянныя трэніроўкі спрыяюць захаванню разумовай і фіз. працаздольнасці да глыбокай старасці. Навука аб С. — геранталогія.
У раслін, як і ў жывёл, наступленне С. звязана са зніжэннем інтэнсіўнасці асн. функцый у клетках і тканках, актыўнасці анабалічных ферментаў і павышэннем гідралітычнай актыўнасці. У выніку назапашваюцца канечныя прадукты метабалізму і адбываюцца структурныя парушэнні арганоідаў клеткі (мітахондрый, хларапластаў і інш.). Спецыфіка мнагаклетачных раслін у тым, што С. клетак, тканак і цэлых органаў не прыводзіць да С. ўсяго арганізма адразу, таму што на працягу жыцця адначасова з адміраннем органаў у раслін адбываецца іх новаўтварэнне. Найб. выяўлена С. ў адна-, двух- і шматгадовых монакарпічных раслін, у якіх пасля плоданашэння пачынаюцца неабарачальныя дэструктыўныя змены. У полікарпічных мнагалетнікаў парасткавая і каранёвая сістэмы пастаянна амалоджваюцца. Прыкметы С. цэлага арганізма паяўляюцца ў іх, калі колькасныя дэструктыўныя працэсы пераважаюць над новаўтварэннямі (у дрэў утвараюцца дуплы, у цэнтры кустоў і дзярнін — прагаліны і інш.). Выраджэнне некат. культ. сартоў мнагалетнікаў пры вегетатыўным размнажэнні звязана са С. іх клонаў.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Гилберт С.Ф. Биология развития: Пер. с англ.Т. 3. М., 1995;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМАШО́ВЫ ТЭА́ТР,
умоўная назва комплексу тэатральных і паратэатральных дзействаў у час святочных кірмашоў. Вядомы ў многіх народаў свету, на Беларусі — з 16 ст. Спачатку паказы К.т. ўключалі выступленні скамарохаў, дэманстрацыі дрэсіраваных мядзведзяў. У 19 ст. папулярнасць набылі фрай-балаганы на вольным паветры, дзе выступалі вандроўныя артысты (у сярэдзіне 19 ст. ў Кобрыне на кірмашы выступалі канатныя танцоры і штукары пад кіраўніцтвам бел. фокусніка Даўгялы). У пач. 20 ст. ў зах. раёнах Беларусі вандроўны заапарк з Польшчы дэманстраваў дрэсіраваных звяроў, выступалі мясц. і прыезджыя цыркавыя трупы; у Докшыцах адной з форм К.т. сталі прадстаўленні батлейкі Б.Патупчыка. На кантрактавых кірмашах 19 ст. выступалі хары нар. песні і інстр. ансамблі, наладжваліся танц. балі, маскарады, феерверкі. З 1803 у Мінску штогод на святочных кірмашах іграў гар. аркестр; у Шклове ў маёнтку графа С.Г.Зорыча ў час летніх кірмашоў ладзілі водныя відовішчы з расквечанымі караблямі (імітавалі «марскія бітвы», напады на судны «піратаў»). Да кірмашоў прымяркоўвалі і тэатр. спектаклі (ставіў спектаклі Мінскі гар.т-р; у Мазыры ў 1840 у час спасаўскага кірмашу выступалі драм. артысты з Мінска, музыканты, катрыншчыкі, вальтыжоры, канцэрцісты). Кірмашовыя паказы вандроўных т-раў адбываліся ў Нясвіжы, Кобрыне, Оршы. У Зэльве ў спецыяльна пабудаваным т-ры балаганнага тыпу часта выступаў т-р з Вільні, вандроўныя артысты з Расіі, інш. краін, паказвалі цыркавыя праграмы, імпрэзы з танцаў і індыйскіх гульняў (у 1860 франц. антрэпрэнёр Л.Персуар даў тут 12 цыркавых прадстаўленняў). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне на кірмашах праводзілі неафіц. конкурсы вясковых хароў, фалькл.-інстр. ансамбляў, выканаўцаў прыпевак. У Полацкім пав. выступалі тэатралізаваныя муз. ансамблі. Пашыраны былі і кірмашовыя чэмпіянаты вясковых асілкаў, барцоў, тэатралізаваная барацьба з пераапранутым у мядзведзя (Пінск), ладзіліся нар. гульні, забавы, карагоды, каруселі, гушканне на арэлях. Спецыфіка паратэатр. дзействаў бел. кірмашоў канца 19 ст. — тэатралізаваныя гандл. атракцыёны (палеская, браслаўская і перабродская рыбалкі, тураўская рыбная латарэя, івацэвіцкая гандл. рулетка і інш.), якія ўзніклі як форма прапаганды тавару сродкамі гульні. Паказы К.т. давалі шырокія магчымасці для праяў фантазіі, майстэрства, імправізацыйнай творчасці ўдзельнікаў. На сучасным этапе адбываецца адраджэнне К.т. Беларусі. На святочных кірмашах побач з традыц. формамі К.т. суіснуюць сучасныя тэатр. і паратэатр. дзействы — выступленні аматарскіх тэатр. калектываў, т-раў малых форм, конкурсы гумарыстаў, выканаўцаў прыпевак, канцэрты прафес. артыстаў, сюжэтна-гульнявыя праграмы, танц. балі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст.навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.Лацаруса і Х.Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.Сігел, А.Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.М.Бэр, М.І.Надзёжын, К.Дз.Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.Г.Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.Я.Рагінскі, С.П.Талстоў і інш.
У канцы 19 ст. У.Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.Сегал, Д.Кэмпбел, М.Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер.культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.Бенедыкт, М.Мід) і неафрэйдызму (А.Кардынер, Р.Лінтан, Дж.Гарэр, К.Дзюбуа, І.Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.Інкельс, Х.Дзьюкер, Н.Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн.сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.
Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн.ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел.менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
Літ.:
Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;
2. (о раскрытии содержания понятия) определи́ться;
спецы́фіка прадме́та ~чылася ў працэ́се заня́ткаў — специ́фика предме́та определи́лась в проце́ссе заня́тий;
3. отличи́ться;
ро́та ~чылася ў баі́ — ро́та отличи́лась в бою́;
4. ознаменова́ться;
1929 год ~чыўся як год перамо́гі калга́снага ла́ду — 1929 год ознаменова́лся побе́дой колхо́зного стро́я
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфікатэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,
творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш.Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.
Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст.маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.Лебрэна, 19 ст. — Э.Дэлакруа, П.Пюві дэ Шавана, Ф.Овербека, у 20 ст. — А.Гаўдзі, М.Дэні, Ф.Лежэ, Д.Сікейраса, Д.Рыверы, М.Урубеля, А.Дайнекі і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.Лебедзева, І.Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.Волкаў, М.Керзін, М.Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.Давідовіч, Я.Зайцаў, М.Тарасікаў, Я.Ціхановіч, М.Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.Кішчанкі і Г.Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.Катковай і З.Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́НАК,
выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).
Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.
На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.Да арт.Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.Да арт.Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.Да арт.Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.Да арт.Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕСТ І ФО́РМА,
суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.