НЯКЛЯ́ЕЎ Уладзімір Пракопавіч (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.

Тв.:

Знак аховы. Мн., 1983;

Галубіная пошта. Мн., 1987.

Літ.:

Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.

У.П.Някляеў.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы), пліяцэн,

верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн. г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.

Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Мядзведзь пячорны.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХУ́ТА Анатоль Сяргеевіч (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл. драм. т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА Леанард (6.11.1800, в. Аборак Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 12.3.1871),

гісторык, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1816—17). Чл. т-ва філарэтаў, дзе зблізіўся з А.​Міцкевічам, Я.​Чачотам, Т.​Занам. З 1819 сакратар кампазітара М.​К.​Агінскага. У 1822 эмігрыраваў, з 1826 у Парыжы. Пісаў на польскай і франц. мовах. Аўтар паэмы «Залессе» (1821), у якой услаўляў прыгажосць наваколля, зрабіў малюнкі Залесся (маёнтак М.​К.​Агінскага каля г. Смаргонь). Выдаў зб-кі твораў Міцкевіча (1828) і І.​Красінскага (1830), мемуары Агінскага (т. 1—4, 1827—28), працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у т. л. «Польшча» (1836—41), у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь. Напісаў біяграфію Т.​Касцюшкі (1837), «Папулярную гісторыю Польшчы» (1863). Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны і інш.

Л.Ходзька.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.

Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСТАМ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).

Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.​Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬБАК Майсей Саламонавіч (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, З.​Бядуля, В.​Вольскі, Х.​Жычка, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — Зельманцы. Мн., 1960;

Выбранае. Мн., 1970;

Рус. пер. — Стихотворения;

Поэмы. М., 1969.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎДА Віктар Уладзіміравіч (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1978). Нар. арт. СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.​Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж. акад. рус. нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.​Купалы і Я.​Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Л.​А.​Шымановіч.

В.У.Роўда.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРГО́НСКІ КА́ЛЬВІНСКІ ЗБОР,

помнік архітэктуры рэнесансу ў г. Смаргонь Гродзенскай вобл. У 1503 ці 1505 тут пабудаваны драўляны касцёл святых Міхаіла і Аляксея па фундацыі магната Ю.​Зяновіча. У 1552 ці 1553 на яго месцы ўзведзены мураваны кальвінскі збор. У 1621 гэты храм вернуты католікам пад назвай Троіцкі касцёл. У 1866—1921 дзейнічаў як Міхайлаўская царква, у 1921—47 — зноў касцёл. З 1947 не дзейнічаў. Рэстаўрыраваны ў 1858 і 1926. Купальны храм цэнтрычнага тыпу, у плане 8-граннік, злёгку выцягнуты па падоўжнай восі. З боку гал. фасада да яго прымыкае шмат’ярусная вежа-званіца (захаваліся 2 ярусы), завершаная нізкім шатром на 8-гранным барабане. У месцы злучэння званіцы і асн. аб’ёму прыбудавана цыліндрычная вежа. Магутныя сцены будынка прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Пластычны парапет апрацаваны лапаткамі і рэнесансавай аркатурай з гіркамі. Пасля рэстаўрацыі 1970 (Спец. навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні, арх. В.​Сахно, С.​Друшчыц) тут была выставачная зала. З пач. 1990-х г. пераабсталяваны пад касцёл.

Н.​Е.​Маркава, А.​А.​Міцянін.

Смаргонскі кальвінскі збор.

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)