ПА́ВІЧ (Міларад) (н. 15.10.1929, Бялград),

сербскі пісьменнік, гісторык л-ры. Акад. Сербскай АН і мастацтваў (з 1989). Д-р філал. н. (1966). Скончыў Бялградскі ун-т (1957). Ў 1967—89 праф. Нові-Садскага і Бялградскага ун-таў. Пачынаў як паэт (зб-кі «Палімпсесты», 1967; «Месяцаў камень», 1971), потым выступіў як празаік-навеліст з нетрадыц. тэматыкай (кнігі апавяд. «Коні святога Марка», 1976; «Душы купаюцца апошні раз», 1982; аўтабіягр. кн. «Шкляны смоўж», 1998). Сусв. вядомасць прынёс неардынарны па змесце і форме раман «Хазарскі слоўнік» (1984). Аўтар «Невялікага начнога рамана» (1981), іранічнага рамана-прытчы «Пейзаж, напісаны чаем» (1988), гіст.-парадыйнага «Унутраны бок ветру» (1991), літ.-знаўчых даследаванняў, у т. л. «Гісторыя сербскай літаратуры перыяду барока, XVII і XVIII ст.» (1970), «Моўная памяць і паэтычная форма: Агляды» (1976), «Нараджэнне новай сербскай літаратуры» (1983), «Гісторыя, саслоўе і стыль» (1985) і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Пароль. Тайная вечеря // Набросок сценария со счастливым концом. М., 1984;

Сны недолгой ночи: (Хиландарская повесть) // Современная югославская повесть, 80-е гг. М., 1989;

Шляпа из рыбьей чешуи // Иностр. лит. 1997. № 1;

Последняя любовь в Константинополс // Там жа. № 7;

Хазарский словарь: Роман-лексикон в 100 000 слов: Мужская версия. СПб., 1999;

Внутренняя сторона ветра: Роман о Геро и Леандре. СПб., 1999.

І.​А.​Чарота.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,

палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.​Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.​Мілошавіч) і Харватыі (Ф.​Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)