КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.​Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.​Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна).

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІНГ (Віцінгс) Яўген Эдуардавіч

(2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),

спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.​Самарадаў.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.​Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.​Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.​Дз.​Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.​С.​Смольскі.

М.Ворвулеў.
М.Ворвулеў у ролі Апанаса.
М.Ворвулеў у ролі Аманасра.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),

фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял. т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.​Апацкі, С.​Ажыгін, А.​Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.

Р.​А.​Лагонда.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Леанід Уладзіміравіч) (н. 9.1.1948, в. Гнеўчыцы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Мурманскай і Калінінскай філармоній. З 1984 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. У рэпертуары творы бел. і інш. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі. Першы выканаўца многіх песень бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, У.​Будніка, А.​Чыркуна, А.​Атрашкевіч і інш. Аўтар і выканаўца песень «Ты вясна мая», «Не сумуйце, дзяўчаты», «Асенняе каханне», «Поезд разлукі» і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў сав. песні (Ленінград, 1978).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАБА́ЙКА (Фёдар Якаўлевіч) (н. 21.7.1963, Магілёў),

бел. танцоўшчык. Засл. арт. Беларусі (1978). З 1974 саліст дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі» (прыйшоў з маст. самадзейнасці). Выконвае адказныя сола ў пастаноўках калектыву («Пава», «Местачковы дырыгент» і інш.).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.​Аладава, А.​Туранкова, П.​Падкавырава, А.​Мдывані, У.​Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел. нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл. Сусв. гільдыі трубачоў (1995).

І.​І.​Зубрыч.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЗО́Н (Іосіф Давыдавіч) (н. 11.9.1937, г. Часаў Яр Данецкай вобл., Украіна),

расійскі эстр. спявак, педагог. Нар. арт. Расіі (1980), нар. арт. Украіны (1991), нар. арт. СССР (1987). Скончыў Муз-.пед. ін-т імя Гнесіных (1973; цяпер Рас. акадэмія музыкі), з 1984 выкладае ў акадэміі (праф.). З 1959 саліст Усесаюзнага радыё, з 1962 у Москанцэрце, з 1989 саліст, маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання «Масква». Прапагандыст і першы выканаўца песень А.​Пахмутавай, А.​Астроўскага, А.​Фельцмана, Я.​Фрэнкеля, Э.​Калманоўскага, М.​Тарывердыева і інш. 1-я прэміі на міжнар. фестывалях эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1964) і «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1968), Міжнар. конкурсу сав. эстр. песні (Будапешт, 1966). Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.​Глебава, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр. нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).

Г.​М.​Загародні.

Я.Еўдакімаў.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)