(11.10.1894, г. Мажайск Маскоўскай вобл., Расія —21.4.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1920). Друкаваўся з 1915. У рамане «Голы год» (1921), аповесцях «Іван-ды-Мар’я» (1922), «Чырвонае дрэва» (апубл. за мяжой 1929, у Расіі 1989), зб. апавяданняў «Расплюханы час» (1927) і інш. паказ, часам натуралістычны, побыту рэв. эпохі. Алюзія на таемныя абставіны гібелі М.В.Фрунзе ў псіхал. «Аповесці непагашанай поўні» (апубл. за мяжой 1926, у Расіі 1987, экранізавана). Роздум пра лёс Расіі, яе гіст. шлях у «Аповесці пецярбургскай» (1922), аповесці «Маці-мачаха» («Трэцяя сталіца», 1923). Аўтар «вытворчага» рамана «Волга ўпадае ў Каспійскае мора» (1930), рамана «Саляны свіран» (нап. 1937, апубл. 1964), «Аповесці пра чорны хлеб» (1923), «Кітайскай аповесці» (1927), кніг нарысаў «Карані японскага сонца» (1927), «О’кэй» (1933) і інш. Проза П. адметная пошукамі новых форм: арнаментальны стыль, фрагментарна-мазаічная кампазіцыя, рытмічныя і сінтакс. паўторы і інш. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову яго апавяданне «Наследнікі» пераклаў Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЯ ПЛО́ШЧАў Маскве,
цэнтральная плошча горада. Размешчана каля Крамля Маскоўскага. Створана ў канцы 15 ст. Першапачаткова наз. Торгам, у 16 ст. — Троіцкай, пасля пажару 1571 — Пажарам, з 1662 — Красная (прыгожая). У фарміраванні яе арх. ансамбля вядучую ролю адыгрывае Крамлёўская сцяна са Спаскай (Фралоўскай), Сенацкай і Нікольскай вежамі Крамля, што вызначае падоўжную кампазіцыю плошчы, і Васіля Блажэннага храм, які замыкае яе з Пд. У 16—17 ст. уздоўж сцяны праходзіў абарончы роў (засыпаны пасля 1812) з мастамі, агароджанымі зубчастымі сценамі. У 1-й пал. 16 ст. на плошчы ўстаноўлены памост-трыбуна, т. зв. Лобнае месца (перабудавана ў 1786, арх. М.Ф.Казакоў), у канцы 17 ст. пастаўлены будынкі Манетнага двара, Земскага прыхода, Гал. аптэкі. У пач. 18 ст. К.п. — культ. цэнтр горада: каля Спаскіх варот ішоў кніжны гандаль (існаваў да канца 19 ст.) і адкрылася першая публічная б-ка, каля Нікольскіх варот — т-р («камедыйная хараміна»), У 1755 у будынку Гал. аптэкі адкрыўся Маск. ун-т, з 1785 — дзярж. ўстановы. У 1786 перабудаваны старыя гандл. рады (паводле праекта Дж.Кварэнгі), узнік новы корпус насупраць Крамлёўскай сцяны (перабудаваны ў 1814—15 арх. В.І.Бавэ; не захаваўся). У 1818 пастаўлены помнік К.Мініну і Дз.Пажарскаму (скульпт. І.П.Мартас), які разам з купалам Сената (1776—87, арх. Казакоў) ствараў папярочную вось ансамбля. Пабудовы 2-й пал. 19 ст. ў псеўдарус. стылі: будынак Гіст. музея (1875—81, арх. У.В.Шэрвуд), Верхнія (цяпер дзярж. універмаг, 1889—93, арх. А.Н.Памяранцаў) і Сярэднія (1892, арх. Р.І.Клейн) гандл. рады. З К.п. звязаны некат. гіст. падзеі ў Маскве: «саляны бунт» (1648), «медны бунт» (1662), стралецкае паўстанне (1682) і інш. У сав. часы на плошчы пабудаваны маўзалей У.І.Леніна (1924—30, арх. А.В.Шчусеў), у 1930—31 створаны трыбуны (арх. І.А.Француз), пасаджаны елкі, плошча забрукавана. Каля Крамлёўскай сцяны магілы, у сцяне урны з прахам рас., сав. і замежных дзеячаў. У 1992—94 тут адноўлены Казанскі сабор (каля 1636, разабраны ў 1936). К.п. — месца правядзення ўрачыстасцей. Ад яе вядзецца адлік адлегласці па ўсіх дарогах, што ідуць ад Масквы. К.п. разам з Крамлём уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.