Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)