КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.​Альберт (ФРГ), Т.​Кун, І.Лакатас, Дж.​Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.​Р.​Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.​Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метад навук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.

Літ.:

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ. М., 1983;

Современная западная философия: Словарь. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕФ, Левы фронт мастацтваў,

літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў Маскве ў 1922—29. Уваходзілі паэты У.​Маякоўскі (кіраўнік), М.​Асееў, В.​Каменскі, С.​Кірсанаў, П.​Нязнамаў, Б.​Пастарнак (да 1927) і інш., мастакі А.​Родчанка, В.​Сцяпанава і інш., крытыкі і тэарэтыкі мастацтва Б.​Арватаў, В.​Брык, В.​Шклоўскі і інш. Блізкімі да ЛЕФа былі дзеячы кіно С.​Эйзенштэйн, Дз.​Вертаў, Э.​Шуб і інш. Арыентаваўся на сац.-дзейснае, «жыццебудаўнічае» мастацтва, максімальна набліжанае да рацыянальна арганізаванай духоўнай «вытворчасці» і урбаністычнай культуры. Працягваў асобныя авангардысцкія тэндэнцыі футурызму. Абсалютызаваў вытв.-пераўтваральныя (утылітарныя) і арганізац.-ідэалаг. функцыі мастацтва, недаацэньваў або зусім ігнараваў яго пазнаваўчыя і духоўна-эстэт. аспекты.

Арыентаваўся на аднабакова зразумелы «сацыяльны заказ», абсалютызаваў дакументалізм (т. зв. л-ра факта), вытв. і прапагандысцкі утылітарызм, не прымаў маст. выдумку, недаацэньваў або цалкам адмаўляў традыц. віды і жанры. Выдаваў час. «ЛЕФ» (1923—25, рэд. Маякоўскі) і «Новый ЛЕФ» (1927—28, рэд. Маякоўскі, са жн. 1928 С.​Траццякоў). У 1928 Маякоўскі выйшаў з аб’яднання; у 1929 па яго ініцыятыве ЛЕФ пераўтвораны ў РЭФ (Рэв. фронт мастацтваў).

На Беларусі ў пач. 1920-х г. ідэі, блізкія да лефаўскіх, абгрунтоўвалі «Сцвярджальнікі новага мастацтва», асобныя публіцысты Пралеткульта. Пазней некаторыя ідэі ЛЕФа ў прынцыпова інш. пераасэнсаванні ўвайшлі ў праграму «Маладняка» (штучная апазіцыя «маладнякізму» творчасці старэйшых пісьменнікаў, канцэпцыя «вітаізму» — л-ры, накіраванай на «ажыўленне» рабоча-сялянскай Беларусі і макс. набліжэнне л-ры да жыцця) і «Узвышша», асабліва ў поглядзе на л-ру як на «жыццебудаўніцтва» і «аквітызм» (ад лац. aqua vita вада жыцця), што сімвалізавала пранікненне творча-маст. пачатку ў нар. быццё. У літ. практыцы большасць маладнякоўцаў і «Узвышша» выступалі супраць футурызму і ЛЕФа, арыентаваліся на фальклор і традыц. муз.-песенную паэзію, а не на урбаністычныя матывы і дакументалізм. Разнавіднасцю ЛЕФа на бел. літ. ніве стала «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць маладых паэтаў гэтага аб’яднання [П.​Броўка, Я.​Відук (Я.​Скрыган), Я.​Сукала, А.​Вясёлы, Ю.​Лявонны, У.​Прыбыткоўскі, І.​Чырвань і інш.] абмежаваліся вонкавым спалучэннем паэтыкі Маякоўскага з традыц. матывамі бел. паэзіі. Яго кіраўнікі (П.​Шукайла, М.​Бухаркін) з вульгарна-сацыялагічных пазіцый ацэньвалі творчасць С.​Ясеніна, Маякоўскага, У.​Жылкі, А.​Вольнага, У.​Дубоўкі, Я.​Пушчы.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Перцов В. Маяковский: Жизнь и творчество. Т. 2. 3 изд. М., 1976.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМА́ АКВІ́НСКІ, Тамаш Аквінскі,

Фама Аквінат (Thomas Aquinas; 1225 ці 1226, замак Ракасека каля Акуіна, Італія — 7.3.1274),

сярэдневяковы філосаф, тэолаг, сістэматызатар схаластыкі, заснавальнік тамізму. Д-р тэалогіі (1257). Чл. ордэна дамініканцаў (1244). Выхоўваўся і вучыўся ў бенедыкцінскім кляштары Монтэ-Касіна, у Неапалітанскім і Парыжскім ун-тах; вучань Альберта Вялікага. Выкладаў у Парыжы, Рыме, Неапалі. У асн. працах «Сума філасофіі, аб сапраўднасці каталіцкай веры супраць язычнікаў» (1259—64), «Сума тэалогіі» (не скончана, 1269—73) імкнуўся даць філас. абгрунтаванне хрысц. веравучэнню на аснове сінтэзу рацыянальнага і рэліг. пазнання, пераасэнсавання з хрысц. пазіцый філасофіі Арыстоцеля. Асн. прынцып філасофіі Ф.А. — гармонія веры і розуму; быў упэўнены, што розум здольны даказаць быццё Бога і адхіліць пярэчанні супраць ісцін веры. Догматы веры падзяляў на рацыянальна зразумелыя, Якія можна растлумачыць пры дапамозе розуму (існаванне Бога, бессмяротнасць душы і інш.), і звышрацыянальныя, недаступныя логіцы, якія спасцігаюцца толькі шляхам веры (створанасць свету, догмат пра першародны грэх). Дасканалае пазнанне, на яго думку, магчыма толькі ў раі ці ў стане рэліг. экстазу і заключаецца ў сузіранні Бога. Лічыў, што найвышэйшага шчасця чалавек дасягае пры ўсведамленні божай сутнасці, што магчыма толькі пры выкананні ўсіх прадпісанняў рэлігіі і царквы. Уяўляў Бога як быццё, што мае раз і назаўсёды ўстаноўленыя парадак і іерархію; сцвярджаў, што чалавек павінны падпарадкоўвацца гэтаму парадку і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці, займаць у грамадстве становішча, наканаванае яму Богам і божымі намеснікамі на зямлі — царквой і свецкай уладай. Царк. ўлада, паводле Ф.А., вышэй за манархічную; усе зямныя правіцелі павінны падпарадкоўвацца папе рымскаму. З 14 ст. вучэнне Ф.А. лягло ў аснову развіцця рымска-каталіцкай тэалогіі. У 1323 ён кананізаваны каталіцкай царквой, у 1567 прызнаны «пятым настаўнікам царквы». У 1879 вучэнне Ф.А. абвешчана папам Львом XIII «адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму», што стала падставай для развіцця неатамізму — афіц. дактрыны рымска-каталіцкай царквы. Неатамісты (Ж.​Марытэн, Э.​А.​Жыльсон і інш.) бачаць у вучэнні Ф.А., якое абвясціла гармонію веры і розуму, рэлігіі, волі і маралі, аснову для стварэння гарманічнай і цэласнай культуры.

Тв.:

Рус. пер. — Сумма теологии I—II. Вопрос 18. О благе и зле применительно к человеческим действиям вообще // Вопр. философии. 1997. №9;

О нападении демонов // Человек. 1999. №5;

Сумма теологии. Вторая книга второй части, вопрос 66. (О краже и грабеже) // Личность и мир. 2000. №7.

Літ.:

Маритен Ж. Фома Аквинский, апостол современности // Маритен Ж. Знание и мудрость: Пер. с фр. М., 1999;

Жильсон Э. Избранное. Т. 1. Томизм: Введение в философию св. Фомы Аквинского: Пер. с фр. М.; СПб., 2000.

І.​В.​Катляроў.

Фама Аквінскі.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭО́РЫЯ АРХІТЭКТУ́РЫ,

сукупнасць навук. ведаў, якія даюць цэласнае ўяўленне пра законы і заканамернасці фарміравання арх. асяроддзя. Вылучаюцца: агульная Т.а.; прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва; прыкладныя Т.а. Агульная Т.а. азначае канцэптуальны падыход да фарміравання прасторы; вызначае вядучыя прынцыпы арганізацыі прасторы: абумоўленасць, сістэмнасць, комплекснасць, бесперапыннасць; распрацоўвае метады вызначэння складу матэрыяльных элементаў, што напаўняюць зоны. Прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва — тэорыі цэнтр. месцаў, палярызацыі прастораў на рэгіянальным і гар. узроўні, «парогаў» і дынамізму ў развіцці гарадоў. Прыкладныя Т.а. ўключаюць тэорыі эвалюцыі арх. уяўленняў, шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый, экалагічнай бяспекі чалавека, матэм. упарадкаванасці, колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя. Тэорыя эвалюцыі арх. уяўленняў як феномен культ. памяці дазваляе асэнсаваць назапашаны вопыт і выкарыстаць яго ў арх. практыцы. Тэорыя шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый дазваляе разглядаць арх. формаўтварэнне як вынік дзейнасці, якая ацэньваецца спажыўцом эмацыянальна і рацыянальна. Аптымальнасць прапанаванага вырашэння вызначаецца пазітыўнасцю комплекснай рэакцыі — візуальнай, тактыльнай, кінетычнай. У гэтай тэорыі найб. поўна рэалізуецца прынцып гуманістычнай накіраванасці, бо аснова гэтых рэакцый — біясацыяльная, эмацыянальная, міфатворчая сутнасць чалавека. Тэорыя экалагічнай бяспекі чалавека ў арх. асяроддзі — найб. актуальная тэорыя сучаснага этапу развіцця архітэктуры. У дадатак да дэтальна распрацаваных урбаэкалогіяй метадаў і сродкаў аховы навакольнага асяроддзя яна ўключае метады арх.-экалагічнага праектавання аб’ёмных аб’ектаў. Тэорыя матэм. упарадкаванасці арх. асяроддзя дазваляе матэм. спосабамі выявіць сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў, пазначыць характарыстыкі і ўласцівасці геам. прастораў, выкарыстоўваць матэм. аналагавыя сістэмы ў рэжыме мадэліравання арх. формы. Фрактальная геаметрыя забяспечвае сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў з дапамогай базавых фракталаў, каскаду самападобных фігур і ўвядзення каэфіцыента самападобнасці. Тэорыя колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя пазначае шляхі выкарыстання колеру для выяўлення цэласнасці арх. аб’екта, яго ўнутр. структуры, самадастатковасці. Увядзенне цэнтраў колеравай актыўнасці дазваляе зафіксаваць элементы метасістэмы, паслядоўнае выкарыстанне тыпаў колеравых гармоній — выявіць характар узаемасувязі паміж элементамі колерасістэмы.

На Беларусі тэарэт. даследаванні вядуцца з 1920-х г. (аналітычныя працы М.​Каспяровіча, М.​Шчакаціхіна і інш.). Яны дазволілі ў пасляваен. час выявіць заканамернасці развіцця горадабудаўніцтва, абгрунтаваць перыядызацыю гіст. шляху фарміравання бел. архітэктуры (працы А.​П.​Воінава, А.​А.​Воінава, М.​Кацара, У.​Чантурыі, Ю.​Ягорава і інш.). Тэарэт. асновы вырашэння тэр. арганізацыі Беларусі, развіцця гарадоў і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў распрацавалі Я.​Заслаўскі, І.​Іода, У.​Кароль, Г.​Патаеў, І.​Сітнікава, А.​Сардараў, А.​Яршоў і інш. Тэарэт. абгрунтаванне рацыянальных прынцыпаў забудовы сельскіх населеных месцаў распрацоўвалі А.​Балыка, А.​Кудзіненка, І.​Малкоў, У.​Сакалоўскі. Асновы аптымізацыі арх. сродкамі функцыян.-тэхнал. працэсаў асобных тыпаў грамадскіх будынкаў адлюстраваны ў працах В.​Аладава, С.​Філімонава, І.​Равуцкай, В.​Саннікавай і інш. З канца 1960-х г. пашыраецца даследаванне нар. дойлідства (А.​Лакотка, С.​Сергачоў, У.​Трацэўскі, Г.​Лаўрэцкі, В.​Марозаў, Т.​Хадыка, В.​Чарнатаў, Т.​Чарняўская і інш.), што дазволіла вылучыць бел. архітэктуру як самаст. галіну слав. дойлідства. Даследуецца развіццё Т.а. замежных краін (Н.​Кожар). Вынікі тэарэт. даследаванняў Я.​Аграновіч-Панамаровай, В.​Анікіна, А.​Сычовай, К.​Хачатранц і інш. спрыялі станаўленню творчых прыёмаў майстроў бел. архітэктуры, арганізацыі навуч. працэсу на арх. ф-це Бел. нац. тэхн. ун-та і падрыхтоўцы падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па сац. асновах архітэктуры, забудове населеных месцаў, ландшафтнай архітэктуры, каларыстыцы, інтэр’ерах грамадскіх будынкаў і інш. Сучасны перыяд развіцця Т.а. звязаны з неабходнасцю стварэння асновы для прыярытэтных кірункаў прыкладных даследаванняў па ўдакладненні нарматыўнай базы буд-ва, аптымізацыі жыллёвага асяроддзя, рэканструкцыі фонду жылых і грамадскіх будынкаў (Г.​Баранец, Г.​Гаўрыкава, Н.​Лазоўская, А.​Мазанік, Ю.​Малыка, Г.​Палянская, Т.​Рак, Ю.​Чантурыя і інш.).

Літ.:

Проблемы современной теории архитектуры. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Пономарева Е.С. Цвет в интерьере. Мн., 1984;

Теория композиции в советской архитектуре. М., 1986;

Эко У. Отсутствующая структура: Пер. с итал. СПб., 1998.

Я.​С.​Аграновіч-Панамарова, С.​А.​Сергачоў.

т. 16, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ЗА (ад лац. prosa),

1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.

2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.

3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П.), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г. і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.​Талстога, Я.​Коласа, І.​Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.

Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.​Рабле, М.​Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.​Дэфо, А.​Ф.​Прэво, Г.​Філдынга, С.​Рычардсана, Ж.​Ж.​Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.​Бальзак, Г.​Флабер, Ч.​Дзікенс, У.​Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.​Голсуарсі, Г.​Ман, Т.​Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.​Заля, М.​Пруст, О.​Уайльд, Дж.​Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.​Хемінгуэй, Р.​Ралан, Г.​Бёль, У.​Фолкнер, Г.​Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.​Кафка, А.​Камю, Ж.​П.​Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.​Эка, Т.​Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.​Пушкін, М.​Лермантаў, М.​Гогаль, І.​Ганчароў, Ф.​Дастаеўскі, Л.​Талстой, І.​Тургенеў, А.​Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.​Горкі, М.​Зошчанка, А.​Купрын, А.​Салжаніцын, А.​Талстой, М.​Шолахаў, В.​Шукшын, В.​Бялоў, Ю.​Бондараў, В.​Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.​Меражкоўскі, Б.​Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.​Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.​Набокаў, А.​Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.​Пялевін, С.​Сакалоў, У.​Сарокін і інш.).

У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц. гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.​Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.​Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.​Каганец, Я.​Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.​Колас, М.​Багдановіч, З.​Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.​Вольны, П.​Галавач, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, Я.​Маўр, Б.​Мікуліч, К.​Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.​Колас, Ц.​Гартны, З.​Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.​Чорны) і аповесці (Я.​Колас, Гарэцкі, Л.​Калюга, Мікуліч і інш.). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.​Бядуля, В.​Ластоўскі і інш.). Аднак у нац. бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.​Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.​Брыля, І.​Грамовіча, А.​Кулакоўскага, У.​Краўчанкі, М.​Лупсякова, І.​Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.​Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.​Адамовіча, В.​Адамчыка, В.​Быкава, В.​Карамазава, У.​Караткевіча, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Стральцова, І.​Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.​Алексіевіч, В.​Гігевіч, Г.​Далідовіч, А.​Жук, В.​Казько, А.​Кудравец і інш. Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.​Асташонак, А.​Кажадуб, Х.​Лялько, А.​Наварыч, У.​Рубанаў, К.​Тарасаў, А.​Федарэнка, У.​Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.​Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.​Гіль, Далідовіч, Жук, В.​Іпатава, І.​Капыловіч, А.​Кудравец, Г.​Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш у П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.​Коласа, версэты А.​Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.​Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).

Літ.:

Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;

Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;

Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;

Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;

Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;

Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;

Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.

А.​М.​Андрэеў, С.​Ю.​Лебедзеў.

т. 13, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.​Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.​Уайлд, М.​Чапмен, Р.​Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.​Вейс, Ч.​Хартшарн, У.​Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл. Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.​Конт, Г.​Спенсер, Л.​Гумплавіч, М.​М.​Кавалеўскі, Э.​Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.​Патнэм, У.​Селарс, Г.​Р.​Харэ).

Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст. маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-ра Адраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.​Бакачыо, Ф.​Рабле, М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.​Дэфо, Г.​Філдынг, Д.​Дзідро, Г.​Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.

Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.​Скарына, В.​Цяпінскі, С.​Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.​Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.​Пацея, М.​Сматрыцкага, І.​Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.​Каратынскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.​Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап. літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц. сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл. «Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.

Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.​Гудона (Францыя), У.​Хогарта (Вялікабрытанія), Д.​Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.​Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.​Дам’е, а таксама Ж.​Ф.​Міле, П.​Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.​Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст. маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;

Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.

Н.​Г.​Кісялёва (філасофія), У.​М.​Конан (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі (выяўленчае мастацтва).

Да арт. Рэалізм. Г.​Курбэ. Пахаванне ў Арнане. 1849—50.
Да арт. Рэалізм. І.​Рэпін. Не чакалі. 1884—88.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)