Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго-што. Разрэзаць надвае. Перарэзаць вяроўкі. Перарэзаць тэлефонны провад. □ [Краб] перарэзаў [клюшнямі] рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Караткевіч.

2. што. Перайсці, пераехаць што‑н. у якім‑н. напрамку; перасячы. Хацелася перарэзаць на чайцы возера па ўсёй яго даўжыні і шырыні, але ж трэба час. Сташэўскі.

3. што. Стаўшы ўпоперак чаго‑н., спыніць далейшы рух; перагарадзіць. Пасля кароткай парады афіцэраў у камандзіра батальёна .. рота атрымала заданне перарэзаць шлях адступлення немцам з суседняй вёскі. Васілевіч. Не паспеў я адбегчыся шагоў сотню, як раптам дарогу перарэзаў знаёмы рыбак. Якімовіч. Неўзабаве шлях перарэзалі стальныя дзверы. Шыцік. // перан. Парушыць сувязь, зносіны. Збіраўся [Алеська] прыехаць на пабыўку. Ды вайна перарэзала шляхі-дарогі. Б. Стральцоў.

4. перан.; што. Пралягаючы ў якім‑н. напрамку, раздзяліць на часткі што‑н. [Чыгунка] самаўладна перарэзала надвае векавечны лес. Шынклер. / Пра рубцы, маршчыны і пад. Круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын. Мележ.

5. што. Разм. Размежаваць зямлю нанава, іначай. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.

6. каго-што. Зарэзаць, парэзаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перарэзаць усю жывёлу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)