вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),
1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.
2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак. — кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс.чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп.калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.А.Галан) пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
міжусобныя дынастычныя войны ў Іспаніі паміж дзвюма галінамі ісп.Бурбонаў у 19 ст. Былі звязаны з ісп. рэвалюцыямі 1834—43 і 1868—74. 1-я К.в. (1833—40) развязана пасля смерці караля Фердынанда VII карлістамі — прыхільнікамі сына Карла IV (правіў у 1788—1808) дона Карласа Старэйшага, які выступаў супраць Марыі Крысціны — рэгентшы пры малалетняй каралеве Ізабеле II. Карлісты выступалі за захаванне абсалютызму і феад. парадкаў, апіраліся на сялянства паўн. і ўсх. абласцей Іспаніі, выкарыстоўвалі сепаратысцкія настроі жыхароў Каталоніі, Басконіі і Навары, вялі пераважна партыз. вайну. Летам 1837 іх войска (14 тыс.чал.) на чале з донам Карласам намагалася авалодаць Мадрыдам. Урадавыя войскі на чале з ген. Б.Эспартэра да лета 1840 разбілі асн. сілы карлістаў (дон Карлас у 1839 уцёк у Францыю). У ходзе 2-й К.в. (1872—76) карлісты імкнуліся зацвердзіць на ісп. прастоле пад імем Карла VII дона Карласа Малодшага — унука Карласа Старэйшага. Да канца 1875 іх ваен. сілы, сканцэнтраваныя ў Басконіі, Навары і Каталоніі і падзеленыя на 3 арміі, налічвалі каля 100 тыс.чал. У лют. 1875 у бітве пры Лукары карлісты разбілі ўрадавую армію, але з-за ўнутр. рознагалоссяў пачалі цярпець паражэнні і ў пач. 1876 разгромлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),
украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл.Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс.чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромленыЧырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯПольшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач. рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац.к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв. руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў у ходзе Мінскай аперацыі 1944гал. сіл 4-й і асобных злучэнняў 9-й ням. армій групы армій «Цэнтр» на У ад Мінска 3.7.1944 у Вял.Айч. вайну. У «кацёл» трапіла 105 тыс. гітлераўцаў. 4.7.1944 сав. войскі — часці 49-й, 50-й армій 2-га Бел. фронту, 33-й арміі 3-га Бел. фронту, частка сіл 1-й і 4-й паветр. армій пачалі ліквідацыю акружаных войск. Спробы іх вырвацца з «катла» поспеху не мелі. 7—8 ліп. знішчаны ці ўзяты ў палон гал. сілы ням. войск, 9—11 ліп. — астатнія асобныя групы. У М.«к.» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. варожых салдат і афіцэраў, у т. л. 12 генералаў. У ліквідацыі «катла» ўдзельнічалі партызаны брыгад 2-й Мінскай, «Буравеснік», імя Ракасоўскага, «За Савецкую Беларусь», імя газеты «Правда», «Полымя», імя Шчорса і інш. Партызаны ахоўвалі ўсе асн. аб’екты ў Мінску і яго ваколіцах. Упершыню ў наступальных дзеяннях Чырв. Арміі праціўнік быў акружаны і разгромлены ў выніку паралельнага (3-і і 1-ы Бел. франты) і франтальнага (2-і Бел. фронт) праследавання на глыбіні 200—250 км ад пярэдняга краю яго абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.
Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас.сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел.сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,
арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл.Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-тразгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыяРСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас.яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.