БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.​Ліста (фп.) і М.​Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.​Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.​Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.​Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН (Мікалай Рыгоравіч) (14.6.1835, Масква — 23.3.1881),

рускі піяніст, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Брат А.​Р.​Рубінштэйна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст. З 1846 вёў канцэртную дзейнасць пераважна ў Маскве як піяніст і дырыжор. У 1860 заснаваў Маскоўскае аддз. Рускага музычнага таварыства і Муз. класы, на базе якіх у 1866 створана Маскоўская кансерваторыя (да 1881 яе дырэктар і праф.). Першы інтэрпрэтатар многіх фп. і сімф. твораў П.​Чайкоўскага, шмат з якіх прысвечаны яму (1-я сімф., 2-і канцэрт для фп. з арк., «Рускае скерца» для фп.; фп. трыо «Памяці вялікага артыста», 1882). Спрыяў фарміраванню рус. дырыжорскай школы. Сярод вучняў С.​Танееў і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Через прошлое к будущему: Их было трое... // Избр. труды. М., 1954. Т. 3;

Баренбойм Л.А. Н.​Г.​Рубинштейн. М., 1982.

М.Р.Рубінштэйн.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тапёр

(фр. tapeur, ад taper = стукаць)

музыкант, які іграў за грошы на танцавальных вечарах, а таксама піяніст, які суправаджаў сваёй ігрой дэманстрацыю нямых кінафільмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАНГ ТХАЙ ШОН (Dang Thai Son; н. 1958),

в’етнамскі піяніст. Нар. арт. В’етнама (1984). Музыцы вучыўся ў маці, вядомай піяністкі, потым у Маскоўскай кансерваторыі. Гастраліруе. Вытанчанасць і філіграннасць выканальніцкай манеры, «адэкватнасць» трактоўкі (асабліва твораў Ф.​Шапэна) вылучылі яго як аднаго з лепшых піяністаў свету. Лаўрэат 1-й прэміі Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1980).

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГЕР (Міхаіл Аркадзевіч) (28.8.1909, Мінск — 6.2.1981),

бел. піяніст і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1946). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1928) і Ленінградскую кансерваторыю (1933). З 1937 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у 1937—41 дырэктар). Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Аўтар фп. твораў (Варыяцыі, 1967; Эцюды, 1962; апрацоўкі нар. мелодый, п’есы для дзяцей), фантазіі для скрыпкі і фп. (1945) і інш.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭРТМА́ЙСТАР (ням. Konzertmeister),

1) 1-ы скрыпач—саліст сімф. ці опернага аркестра; часам выступае як дырыжор.

2) Музыкант, што ўзначальвае кожную з відавых інстр. груп сімф. аркестра (пераважна ўнутры струннай групы).

3) Піяніст, які дапамагае вакалістам, артыстам балета, інструменталістам развучваць партыі і акампануе ім на рэпетыцыях і ў канцэртах. Сярод бел. канцэртмайстраў С.Талкачоў, Ж.​Габа, Г.Карант, Г.​Каржанеўская, Л.Максімава, Т.Міянсарава, Н.Ражнова, Л.Талкачова і інш.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙГА́ЎЗ (Генрых Густававіч) (12.4.1888, г. Кіраваград, Украіна — 10.10.1964),

расійскі піяніст, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1956). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі Густава Вільгельмавіча Н., Л.​Гадоўскага (у Берліне, Вене). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (экстэрнам, 1915). З 1916 выкладаў у Кіеўскай (з 1919 праф.), з 1922 у Маскоўскай (праф., у 1935—37 дырэктар) кансерваторыях. У 1922—62 выступаў як саліст і ансамбліст. Піяніст рамантычнага кірунку, яго выкананне спалучала бурны тэмперамент, імпульсіўнасць, валявы пачатак з адухоўленай паэтычнасцю, тонкім лірызмам. У рэпертуары пераважалі творы Л.​Бетховена, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, А.​Скрабіна, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, інтэрпрэтацыі якіх — значная з’ява ў піяністычным мастацтве 20 ст. Стварыў піяністычную школу, сярод вучняў Э.​Гілельс, Я.​Зак, Я.​Малінін, С.​Нейгаўз, С.​Рыхтэр. Аўтар прац па муз. выканальніцтве.

Літ. тв.: Об искусстве фортепианной игры: Зап. педагога. 5 изд. М., 1988; Размышления, воспоминания, дневники. Избр статьи. Письма к родителям. 2 изд. М., 1983.

Літ.:

Дельсон В. Генрих Нейгауз. М., 1966;

Бэлза И.Ф. «Генрих Великий» // Бэлза И.Ф. О музыкантах XX в. М., 1979.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕДЭ́ЦІ МІКЕЛА́НДЖЭЛІ ((Benedetti Michelangeli) Артура) (н. 5.1.1920, г. Брэшыя, Італія),

італьянскі піяніст, педагог; адзін з найбуйнейшых піяністаў сучаснасці. Праф. Балонскай і Венецыянскай кансерваторый. Яго выкананне адметнае віртуознай тэхнікай, стрыманай прыгажосцю, бездакорнай падпарадкаванасцю аўтарскаму тэксту. На пачатку творчасці ў рэпертуары пераважала музыка сучасных кампазітараў, пазней — творы фп. класікі. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1939).

Літ.:

Kaiser J. Große Pianisten in unserer Zeit. 3 Aufl. München, 1977.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТСАН ((Bentzon) Нільс Віга) (н. 24.8.1919, Капенгаген),

дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБА́САЎ (Мікалай Аляксандравіч) (28.9.1869, С.-Пецярбург — 4.4.1935),

рускі піяніст і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1923). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі, выкладчыка Пецярбургскай кансерваторыі. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889), у 1894—1917 і 1923—35 выкладаў у ёй (праф. з 1902). Канцэртаваў у Расіі і за яе межамі. У 1918—20 праф. Саратаўскай, у 1921—23 — Віцебскай кансерваторый. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу піяністаў імя А.​Рубінштэйна (1890).

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)