Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́нуць ’рухаць, кратаць, соваць; усунуць, штурхнуць, піхнуць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ’рушыць, пайсці грамадой’ (ТС, Сержп. Грам., Юрч. Вытв.), ’пасоўваць, ставіць’, ’цягнуць’, ’укладаць, усоўваць’, ’ісці’ (Сл. ПЗБ), су́нуты ’цягнуць’ (Клім.), су́нуцца ’паволі рухацца, ісці’ ’тс’, (ТСБМ, ТС), ’высоўвацца’, ’напасці, накінуцца’ (Сл. ПЗБ), ’упасці’ (Бяльк.). Укр. су́нути, рус. су́нуть, стараж.-рус. сунуты ’кінуць’, ц.-слав. сунѫти, польск. sunąc, в.-луж. sunuć, н.-луж. sunuś, чэш. sunouti ’пасоўваць’, славац. súnuť, серб.-харв. су́нути ’наліць, насыпаць’, славен. súniti ’штурхнуць’, балг. дыял. су́на ’перамяшчаць, слізгаць’, ст.-слав. соунѫти. Прасл. *sunǫti ’пасоўваць, штурхнуць; укласці, усунуць’; дзеяслоў аднакратнага дзеяння да прасл. *sovati, *sujǫ ’соваць’; гл. Борысь, 587; Фасмер, 3, 804; Бязлай, 3, 341–342; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Паводле Махэка₂ (593), было і *sunǫti з іншай семантыкай — ’бегчы, хутка ісці’, параўн. польск. дыял. sunąć ’рушыць, ісці’, чэш. дыял. snuť se ’ісці’, з паралеллю гоц. skewjan ’ісці’, ст.-ісл. skaeva ’рухацца наперад’, роднаснага чэш. sypati ’хутка ісці’. Параўн. снаваць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марскану́ць ’рэзка адштурхнуць, піхнуць, шпурнуць, адкінуць’, ’ударыць, выцяць, хлыснуць, стукнуць нагою’, ’сцебануць’ (ТСБМ; карэліц., Нар. сл., Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.; клец., Жыв. сл.), ’кінуць, пабароць’ (Сцяц.), марска́ць ’хутка кідаць нешта дробнае’ (Шат.), марськану́ць ’уцячы наспадзявана для другога’, ’хутка з’ехаць’ (Бір. Дзярж.; бабр., КЭС); марсану́ць ’хутка ўцячы’ (Шат.), марскну́ць ’мільгануць’ (Яруш.), намарска́цца ’напрацавацца, затраціць многа сілы’ (Янк. 1), марса́ць ’часта махаць галавой (пра жывёлу)’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Укр. морсну́ти < морскати ’сцябаць, біць’, мо́рскатися ’бадзяцца’. Паўд.-рус. морсну́ть ’ударыць, сцебануць’, ст.-рус. мърсъкъ ’біч’, польск. merskać, myrsnąć ’сцябаць’, в.-луж. morskać, morsknyć ’сцебануць бічом’, чэш. mrskati ’сцябаць’, ’махаць, біць’, mrskati se ’біцца, кідацца (у трызненні)’, ’плюхацца’, mrsknouti ’сцебануць’, ’жбурнуць, рэзка адкінуць’, mrsknouti se ’расцягнуцца (рэзка ўпаўшы на зямлю)’, ’раптоўна паварочвацца’, славац. mrštiť ’кінуць, жбурнуць’, mrskať ’мільгаць, біць бічом’. Дакладным адпаведнікам іх Махэк₂ (380) лічыць літ. šmìrkšterė́ti ’сцябаць бічом’. Прасл. mъrskati ’хутка рухацца’, якое Махэк₂ (380) і Махэк (SR, 10, 74) выводзіць з mьrskati. Апошняе Меркулава (Этимология–74, 60–61) разглядае як утварэнне з інтэнсіўным суфіксам ‑sk‑ ад прасл. merti ’біць’ (гл. Петлева, Этимология–72, 87, а таксама Куркіна, ОЛА–1972, 219–222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́хнуць1 ’распухаць, разбухаць’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), ’апухаць’: пухнуць людзі ад голаду (Сержп.), по́хнуць ’тс’: шчыка похніць (дрыс., Хрэст. дыял.); параўн. укр. пу́хнути, рус. пу́хнуть, польск. puchnąć, чэш. puchnouti, в.-луж. puchnyć ’пыхнуць, дунуць’, н.-луж. puchnuś se ’ўздуцца’, славен. púhniti ’дунуць; ударыць, піхнуць’, серб.-харв. пу́хнути ’дунуць; сапсаваць паветра’, балг. пу́хна ’пыхнуць; узбіць, выбіць’, макед. пувне ’глуха стукнуць’. Прасл. *puxnǫti суадноснае з *puxati (гл. пу́хаць, параўн. цягаць/цягнуць і пад.); значэнне уздымацца, разбухаць’ характэрна для паўночнаславянскіх моў, грунтуецца на семантыцы ’брадзіць’ (“o skutkach fermentacji, gnicia, rozkładu” гл. Банькоўскі, 2, 963), а форма незак. тр. на ‑nǫ‑ другасная да *puxъti, гл. пухці, і ў паўднёваславянскіх мовах у дзеясловах зак. тр. са значэннем аднакратнага дзеяння пераважала зыходная семантыка імітацыі раптоўнасці руху, выбуху (гл. пух1), параўн. Фурлан–Бязлай (3, 135), дзе зроблена спроба звязаць паўднёваславянскія формы з *pьchati (гл. піхаць, пхнуць). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1994–1996, 204.

Пу́хнуць2 ’многа спаць, дрыхнуць’ (ТС; ушац., Нар. лекс.; уздз., Жд. 3; светлаг., Мат. Гом.), ’спаць без просыпу’ (Ян.), параўн. польск. арг. puchnąć ’заспаць’. Метафарычнае ўтварэнне на базе пухнуць1; зыходнае значэнне ’брадзіць, гнісці, раскладацца’, параўн. тыпалагічную паралель: серб. дыял. ква̏сити ’ляжаць доўга ў ложку, гультайнічаць’ і ’кіснуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)