шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.

2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стру́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.

2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бізу́н, ‑а м.

1. Плецены з раменных палосак арапнік або вітая з ільну, канапель пуга. Сяргейка забег наперад статку, ляснуў бізуном і працягла, як гэта рабіў дзед Патап, закрычаў: — Куды-ы! Хомчанка, — і што? — Міхась насцеражыўся, і рука яго з бізуном, якім збіраўся сцебануць каня, застыла ў паветры. Сіўцоў. // Уст. Сродак экзекуцыі. Пакараць бізунамі. □ Дзе бізуны свісталі, там песні звіняць. З нар.

2. Удар бізуном. Даць дваццаць пяць бізуноў.

3. Сімвал грубай сілы, прымусу. Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

•••

Голы як бізун гл. голы.

Зарабіць бізуна гл. зарабіць.

Прасіць бізуна гл. прасіць.

Схапіць бізуна гл. схапіць.

Усыпаць бізуноў гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́мант ’адчайны, немы крык, кліч на дапамогу’, ’працяглы моцны крык, плач’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Яруш.), ле́мент ’прарэзлівы крык, галашэнне’ (Некр., ТС; мазыр., Шн. 2), ст.-бел. ляментъ (XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lament ’моцны плач, звычайна са скаргай, шкадаваннем, цярпеннем, нараканнем’ (Булыка, Лекс. запазыч., 136), якое з лац. lāmentum ’галосная скарга, шкадаванне і галашэнне’ (Слаўскі, 4, 38). Сюды ж лямантава́ць, лямантава́цца, лемантава́ць, лементоваць, лымынтува́тэ ’моцна і працягла крычаць, сварыцца’, ’галасіць, плакаць гучна, нудна’, ’прарэзліва галасіць’, ’крычаць ад болю’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат., Гарэц., Др.-Падб., Некр., ТС; драг., КЭС; міёр., Нар. лекс.; шчуч., маст., Сл. ПЗБ), лемантава́ць ’абцяжарваць, ускладняць, ламаць’ (Нас.), ст.-бел. ляментовати ’лямантаваць’ (пач. XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lamentować ’тс’ і ст.-бел. ляментацыя ’плач, элегія’ (XVII ст.), якое са ст.-польск. lamentacyja ’тс’ < лац. lāmentātiō ’жаласнае нараканне, енкі’ (Булыка, там жа; Слаўскі, 4, 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)