бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,
міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я́,
форма ўладкавання і выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і П.с. ўтвараецца на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у сям’ю і прац. дагавора, што заключаецца паміж органамі апекі і папячыцельства і прыёмнымі бацькамі (мужам і жонкай або асобнымі грамадзянамі, якія жадаюць узяць дзяцей на выхаванне ў сям’ю). На выхаванне ў П.с. перадаецца дзіця (дзеці), якое не дасягнула паўналецця, на тэрмін, прадугледжаны дагаворам. Парадак перадачы дзяцей у П.с., умовы, якім павінны адпавядаць прыёмныя дзеці і прыёмныя бацькі, вызначаны заканадаўствам. На ўтрыманне кожнага дзіцяці П.с. штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі ў парадку, вызначаным урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
балко́н, ‑а, м.
1. Пляцоўка з поручнямі, прыбудаваная знадворку да сцяны дома і злучаная дзвярамі з унутраным памяшканнем. У кватэрах прадугледжаны і газавыя пліты, і прасторныя балконы, і душавыя пакоі, і зручныя сценныя шафы.Грахоўскі.
2. Месца для гледачоў у сярэдніх і верхніх ярусах тэатра. Першы рад балкона.
[Іт. balcone.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),
від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.
Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.
На Беларусі развіваецца з 1961. Гал.спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш.міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.Талкачоў (1969), М.Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.Какуева, Парамыгіна, Н.Пермякова, Н.Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 у каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.Івашка, А.Папоў, А.Рыжанкоў, В.Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тайм-а́ўт
(англ. time out = па-за часам)
прадугледжаны правіламі перапынак у спартыўнай гульні (напр. у баскетболе) па просьбе каманды або яе трэнера.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
УХІЛЕ́ННЕ АД ВАЕ́ННАЙ СЛУ́ЖБЫ,
прадугледжаныя крымін. законам злачынствы супраць устаноўленага парадку прызыву, воінскага ўліку і нясення ваен. службы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: ухіленне ад прызыву па мабілізацыі ў ваен. і ў мірны час, у т. л. шляхам сімуляцыі хваробы або праз нанясенне сабе цялесных пашкоджанняў ці падлогу дакументаў; ухіленне ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы; ухіленне прызыўніка або ваеннаабавязанага ад воінскага ўліку; дэзерцірства; ухіленне ваеннаслужачага ад нясення абавязкаў ваен. службы шляхам членашкодніцтва, самавольнае пакіданне месца службы ў баявой сітуацыі і да т.п. За ўчыненне такіх дзеянняў прадугледжаны меры пакарання: штраф, папраўчыя работы, арышт і абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці накіраванне ў дысцыплінарную вайск. часць, пазбаўленне волі на вызначаныя законам тэрміны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аранжыро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Спец.
1. Апрацоўка якой‑н. мелодыі для выканання на інструменце або для голасу з суправаджэннем музычнага інструмента.
2. Перапрацоўка, прыстасаванне музычнага твора для выканання яго на іншым інструменце або іншым голасам, які прадугледжаны арыгіналам; таксама аблегчанае пералажэнне твора для выканання на тым жа інструменце. Аранжыроўка аркестравага твора для фартэпіяна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),
1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.
2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.