працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.Андэрсанам і Дж.Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.
Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.
Да арт.Джозефсана эфект: а — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,
метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв. сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАР (ад лац. detector адкрывальнік) у радыётэхніцы, прылада для дэтэктыравання высокачастотных эл. ваганняў. Адрозніваюць амплітудныя, частотныя і фазавыя Д. Выкарыстоўваюцца ў вяшчальных, сувязных і тэлевізійных радыёпрыёмніках, вымяральных прыладах і інш. для вылучэння мадулюючых частот, якія нясуць інфармацыю.
Амплітудны Д. мае актыўны элемент (лямпавы або паўправадніковы дыёд) і фільтр ніжніх частот. Нізкачастотнае напружанне, што вылучаецца на выхадзе фільтра, адпавядае закону мадуляцыі. Амплітуднае дэтэктыраванне магчыма таксама ажыццявіць лінейным змяненнем (у часе) праводнасці электроннай прылады ў такі з нясучай частатой ваганняў (сінхронны Д.). У частотных і фазавых Д. частотна- і фазава-мадуляваныя ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна-мадуляваныя, якія потым дэтэктыруюцца амплітудным дэтэктарам. Гл.таксама Дыскрымінатар.
А.П.Ткачэнка.
Схемы дэтэктара: а — паралельнага амплітуднага; б — балансавага фазавага; LKCK — вагальны контур; R, C — нагрузка дэтэктара; D, D1, D2 — дыёды; RфCф — фільтр ніжніх частот; Uувх, Uвых — уваходнае і выхадное напружанне; Tp — трансфарматар; E — крыніца апорных ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл.праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага 3Не пры т-ры ніжэй за 10−3К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Сверхтекучесть в 3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл.Рас.АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.Фермі 1980.
Тв.:
Рус.пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКРЫШТА́ЛЬ,
агрэгат дробных монакрышталёў рознай арыентацыі (крышт. зярнят). Да П. адносіцца большасць цвёрдых цел (мінералы, металы, сплавы, кераміка і інш.). Утвараюцца пры крышталізацыі, паліморфных пераўтварэннях, спяканні крышт. парашкоў і інш.
Уласцівасці П. залежаць ад сярэдняга памеру зярнят (ад 10−6м да некалькіх міліметраў), іх крышталеграфічнай арыентацыі, будовы міжзярнятных межаў. Пры хаатычнай арыентацыі і малых памерах зярнят (у параўнанні з памерам П.) у П. адсутнічае анізатрапія фіз. уласцівасцей, характэрная для монакрышталёў. Пры наяўнасці пераважнай крышталеграфічнай арыентацыі зярнят П. з’яўляецца тэкстураваным (гл.Тэкстура) і ў гэтым выпадку мае месца анізатрапія яго ўласцівасцей. На фіз. ўласцівасці П. істотна ўплываюць міжзярнятныя межы (на іх адбываецца рассеянне электронаў праводнасці і фатонаў, тармажэнне дыслакацый, зараджэнне расколін і інш.). П. менш стабільныя, чым монакрышталі, пры іх працяглым адпале адбываецца пераважны рост асобных зярнят (рэкрышталізацыя), што вядзе да ўтварэння буйназярністых П. або монакрышталёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл.праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́Н [ад лац. positivus дадатны + (элек)трон],
дадатна зараджаная элементарная часціца; антычасціца электрона. Абазначаецца е+ або е− Мае аднолькавыя з электронам масу і спін, а магн. момант і эл. зарад роўныя па модулі і процілеглыя па знаку. П. мае спін, роўны 1/2 (ферміён), адносіцца да лептонаў, удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях.
Існаванне П. тэарэтычна вынікае з Дзірака ўраўнення, эксперыментальна адкрыты К.Д.Андэрсанам (1932) у складзе касм. прамянёў і стаў першым прыкладам антычасціц. Пры пэўных умовах утварае з электронам вадародападобную сістэму (гл.Пазітроній). Узнікае пры ўзаемапераўтварэннях свабодных элементарных часціц, напр., пры распадах мюонаў, а таксама пры бэта-распадзе некаторых ізатопаў. Прадказаныя Дзіракам і эксперыментальна назіраныя працэсы анігіляцыі і нараджэння пар (П. — электрон) былі першымі доказамі ўзаемапераўтварэнняў элементарных часціц, на аснове якіх распрацаваны метады нараджэння новых элементарных часціц у накапляльных кольцах паскаральнікаў. П. выкарыстоўваецца пры даследаваннях размеркавання скарасцей электронаў праводнасці, дэфектаў крышталічнай рашоткі, кінетыкі некаторых хім. рэакцый і інш.