Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́ ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechtenплясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)