ПЛАДАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл. Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн. га.

На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс. га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс. т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш. Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.

Літ.:

Плодоводство. М., 1979;

Плоды и овощи в питании человека. Мн., 1983.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл. Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.​Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.​Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял. Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.

А.​М.​Кулагін.

Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.​А.​Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.​Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.​М.​Аляксееў з удзелам К.​І.​Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.​Кларк). Пасля набыцця палаца І.​Ф.​Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.​Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.​Панятоўскага (скульпт. Б.​Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.​Ф.​Марозаў, В.​Р.​Анціпаў.

Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Да арт. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

помнік архітэктуры, горадабудаўнічы ансамбль 18—19 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. ў 1580 П.​Скаргам як сярэдняя навуч. ўстанова ордэна езуітаў. На в-ве Зах. Дзвіны былі пастаўлены драўляныя будынкі калегіума. Пасля пажару ў 1-й пал. 17 ст. на новым месцы паміж Верхнім замкам і горадам пабудаваны драўляныя касцёл св. Стафана, будынкі келляў і вучылішча. Пасля пажару ў 1738 на месцы драўлянага ўзведзены мураваны касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі ў стылі барока.

3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым (выш. да 60 м) фасадам. Афармленне інтэр’ера завершана ў 1765 (алтар, маст. С.​Чаховіч; арганы, майстар Д.​А.​Каспарыні; карціны італьян. мастака Разаці, пасля 1800). Агульны выгляд касцёла адлюстраваны на малюнку Н.​Орды 19 ст.

У 1830 касцёл перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Перад касцёлам сфарміравалася гал. плошча горада — Полацкая Парадная плошча. У 1749 побач з касцёлам узведзены мураваны 3-павярховы гал. будынак калегіума, які злучыўся з ім.

Е-падобны ў плане будынак гал. падоўжным фасадам быў арыентаваны на Пд, на Зах. Дзвіну. У ім размяшчаліся 105 вучэбных памяшканняў, трапезная, б-ка, музей. Будынак абаграваўся «цёплай» (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах меліся вентыляцыйныя хады, у падвалах — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўд. ч. корпуса і зах. крыло.

У 1778 паралельна будынку касцёла ўзведзены 3-павярховы корпус, у якім размясціліся кнігарня, вучылішча, потым Полацкая друкарня, Полацкі школьны тэатр. З паўн. боку ад касцёла прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб’яднаў касцёл з гал. корпусам. У 1780 пабудаваны 1- і 2-павярховыя карпусы гасп. прызначэння (бровар, медаварня, піваварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэр. калегіума з Пн і З і замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй і сушыльняй для траў. У 1785 пасля прыезду ў Полацк у якасці генерала ордэна арх. Г.​Грубера пабудаваны корпус, які злучыў 3-павярховы і гал. карпусы. У новым корпусе размяшчаліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хім. лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На Пд ад аптэкі пабудаваны 2 флігелі — памяшканні для семінарыстаў і багадзельні. Паўд. схіл узгорка, на якім стаяў гал. корпус калегіума, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. У 1812 калегіум пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. З 1822 калегіум займалі манахі ордэна піяраў. З 1835 у будынках калегіума размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус. У 1830—35 рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі (прыбудаваны да зах. крыла гал. корпуса б. калегіума), дом дырэктара і 5 будынкаў службовага прызначэння (арх. А.​Порта, захаваліся часткова). У 1964 сабор разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом. Рэшткі калегіума ўваходзяць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Т.​І.​Чарняўская.

Полацкі езуіцкі калегіум. Агульны выгляд касцёла. З малюнка Н.​Орды 19 ст.

т. 12, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.​Солтан, Я.​Мялешка і Л.​Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.​М.​Кулагін (архітэктура), А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)