МАНЕФО́Н (грэч. Manethon; 2-я пал. 4 ст. да н.э., г. Самануд, Егіпет — пач. 3 ст. да н.э.),

старажытнаегіпецкі гісторык, вярхоўны жрэц у Геліопалі. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Егіпта» (захаваліся толькі ўрыўкі ў творах Іосіфа Флавія і гісторыкаў царквы Афрыкана і Еўсевія). М. належыць прыняты і цяпер у навуцы падзел гісторыі Егіпта на 30 дынастый фараонаў і на перыяды Старажытнага, Сярэдняга і Новага царстваў.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біястратыгра́фія

(ад бія- + стратыграфія)

раздзел стратыграфіі, які вывучае гісторыю жывых арганізмаў у пэўныя геалагічныя эры і перыяды на падставе скамянелых арганічных рэшткаў у слаях зямной кары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),

касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10​−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.

Літ.:

Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ. М., 1979;

Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

э́ра, ‑ы, ж.

1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.

2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».

3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.

•••

Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.

Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Лац. aera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,

першы гіст. перыяд рэсп. дзярж. ладу ў Францыі ў 1792—1804. Абвешчана Нац. Канвентам 22.9.1792 пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) Французскай рэвалюцыяй 1789—99. Паводле спосабу кіравання падзяляецца на 3 асн. перыяды: праўленне Канвента (1792—95), праўленне Дырэкторыі (1795—1804), Консульства (1799—1804). Фармальна спыніла існаванне 18.5.1804 з абвяшчэннем 1-га консула (фактычнага дыктатара) Францыі Н.​Банапарта імператарам Напалеонам I, што паклала пачатак Першай імперыі. Гл. таксама Францыя (раздз. Гісторыя).

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Непрылю́дны ’нелюдзімы’ (міёр., Нар. сл.), няпрылю́дны ’тс’ (Сл. ПЗБ), нэпрылю́дны ’непрыемны, няветлівы, дзіклівы’ (Полес. этнолингв. сб., 10), непрылю́дак ’маўклівы, дзікаваты чалавек’ (мядз., Нар. сл.), ’нелюдзень’ (Жд. 1). Можа разглядацца як недакладная беларуска-сербахарвацкая ізалекса, параўн. серб.-харв. неуљудан човек, якому адпавядае зах.-палеск. нэпрылюдна людына (Талстыя, Полес. этнолингв. сб., 10), што, аднак, не дае падстаў для рэканструкцыі адпаведнага праславянскага слова. Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне на базе спалучэння пры людзе > прылюдна, як рус. при народе > принародно ’яўна, на вачах у людзей’, якое магло ўзнікаць у розныя перыяды ў асобных славянскіх мовах, параўн. дакладны адпаведнік славен. nepriljuden ’маўклівы, няветлівы, нелюдзімы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНАЭРАБІЁЗ (ад ан... + аэра... + ...біёз),

анаксібіёз, жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл. Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)