Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ГАДАВА́ЛЬНІК,
гаспадарка, якая вырошчвае пасадачны матэрыял лясных парод для азелянення, стварэння лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў; таксама ўчастак зямлі, дзе гадуюць пасадачны матэрыял. Уваходзяць у лясгасы. Л.г. падзяляюць на малыя (да 5 га), сярэднія (5—15), вялікія (больш за 15) і базісныя (больш за 25 га); таксама часовыя (закладваюць паблізу будучай пасадкі на тэрмін да 5 гадоў), пастаянныя (для доўгатэрміновага выкарыстання). Пастаянныя маюць аддзяленні: чаранковых саджанцаў; пасяўное і школьнае для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў; матачнае для атрымання матэрыялу для вегетатыўнага і насеннага размнажэння; дэндралагічнае. На Беларусі 207 Л.г. (у т. л. пастаянных 72) агульнай пл. 1405 га (1997). 3 іх найбуйнейшыя Глыбоцкі, Смаргонскі, Старобінскі, Мазырскі, Ваўкавыскі, Жлобінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЁМ,
натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВУ́Л (цюрк. стража),
узброенае падраздзяленне для аховы і абароны баявых сцягоў, ваен. і дзярж. аб’ектаў, аддання вайсковых ушанаванняў і інш. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь К. падзяляюцца на гарнізонныя і ўнутраныя, бываюць пастаянныя або часовыя, правілы арганізацыі нясення каравульнай службы рэгламентуюцца Часовым статутам гарнізоннай і каравульнай службаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЁНТЫ [ад крыя... + біёнт(ы)],
пастаянныя жыхары вельмі халодных месцаў (на або ў снезе ці лёдзе, у талых водах і інш.). Да іх адносяцца некаторыя аднаклетачныя водарасці, напр., хіянафілы (раслінны жгуціканосец, які можа афарбоўваць снег або лёд у чырв. колер, снегавая хламідаманада), падснежнікі, некаторыя чэрві, насякомыя (снежныя блохі Colembola і інш.), антарктычная рыба трэматомус, аўцабык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́МЕТР y тэхніцы, фізічная велічыня, якая з’яўляецца істотнай характарыстыкай тэхн. сістэмы, з’явы, працэсу. У мех. сістэмах П. — гэта маса, каэф. трэння, момант інерцыі і інш. З эл. П. найб. характэрныя супраціўленне, індуктыўнасць, ёмістасць, сіла току, напружанне. П. цеплавых працэсаў — цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш. П. бываюць пастаянныя і пераменныя (залежаць ад часу і сістэмы каардынат), сканцэнтраваныя і размеркаваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,
сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАСТО́РА,
сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.