НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,

палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл. Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.

Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТЭКСЫ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,

водныя дысперсіі сінт. палімераў. У Л.с. макрамалекулы палімера знаходзяцца ў выглядзе глобул (сярэдні дыяметр 0,01—0,1 мкм). Калоідная сістэма стабілізавана паверхнева-актыўнымі рэчывамі (эмульгатарамі).

Атрымліваюць Л.с. пры полімерызацыі (суполімерызацыі) адпаведных манамераў у водным асяроддзі ці пры эмульгаванні ў вадзе раствораў палімераў (напр., бутылкаўчуку, сінт. поліізапрэну) у арган. растваральніках (такія латэксы наз штучнымі). Паводле хім. саставу палімера адрозніваюць бутадыен-стырольныя, бутадыен-нітрыльныя, хларапрэнавыя і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання латэксных вырабаў (пальчаткі, метэаралагічныя абалонкі, гумавыя ніткі), кляёў, фарбаў; для апрэтавання і прамочвання тэкст. вырабаў, апрацоўкі паперы, лакіравання натуральнай і штучнай скуры, надання эластычнасці бетону і інш.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метыленхлары́д

(ад метылен + хларыд)

хлорысты метылен, бясколерная вадкасць; выкарыстоўваецца як растваральнік палімераў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт.сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).

Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.

Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».

Літ.:

Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;

Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т МЕХА́НІКІ МЕТАЛАПАЛІМЕ́РНЫХ СІСТЭ́М імя У.​А.​Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1969 у Гомелі на базе Аддзела механікі палімераў АН БССР (існаваў з 1963). У ін-це (1998) 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: тэарэт. асновы кіравання трываласнымі, адгезійнымі, антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў і інш. сістэм на аснове арган. і неарган. палімераў з мэтаю стварэння матэрыялаў для дэталей і вузлоў машын, абсталявання і прылад; тэорыя трэння і зношвання палімерных кампазітаў; метады разліку дэталей з палімераў і палімерных кампазітаў. Створаны палімерныя матэрыялы, якія даюць магчымасць значна павялічыць рэсурс і надзейнасць машын, зменшыць адмоўнае ўздзеянне вытв. дзейнасці на навакольнае асяроддзе; распрацаваны метады і спосабы кіравання ўласцівасцямі палімерных матэрыялаў пры дапамозе ўздзеяння эл. і магн. палёў, іанізавальнага выпрамянення, фіз.-хім. мадыфікавання; арыгінальныя тэхналогіі і тэхнал. абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак; працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Б.І.Купчынаў, Ю.М.Плескачэўскі (дырэктар з 1992).

Ю.​М.​Плескачэўскі.

т. 7, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДА́ДЭ (Віктар Антонавіч) (н. 19.9.1947, пас. Содакамбінат Алтайскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі палімераў. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1971). З 1972 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі. Навук. працы па матэрыялазнаўстве палімераў і кампазітных матэрыялаў. Распрацаваў тэарэт. асновы рэгулявання структуры і ўласцівасцей палімерных і кампазітных матэрыялаў пры дапамозе эл. і магн. палёў.

Тв.:

Электретные пластмассы: физика и материаловедение. Мн., 1987 (разам з Л.​С.​Пінчуком);

Электрические и магнитные поля в технологии полимерных композитов. Мн., 1990 (у сааўт.);

Ингибиторы изнашивания металлополимерных систем. М., 1993 (разам з В.​А.​Струкам, С.​С.​Пясецкім).

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЕ́ЦКІ (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 21.8.1949, в. Аляксейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (2000). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі (з 1992 г. заг. лабараторыі). Навук. працы па тэхналогіі і матэрыялазнаўстве палімераў і кампазітаў. Распрацаваў тэхналогію атрымання новых кампазітных матэрыялаў на аснове палімераў, якія знайшлі выкарыстанне ў машынабудаванні. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1975.

Тв.:

Точные пластмассовые детали и технологин их получения. Мн., 1992 (у сааўт.);

К оценке влияния модификаторов на межфазные взаимодействия в полимерных смесях // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1992. №1.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антыра́ды

[ад анты- + рады(яцыя)]

рэчывы, якія павышаюць стойкасць палімераў і іншых матэрыялаў да дзеяння радыяцыйнага выпрамянення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

манаме́р

(ад мана- + -мер)

нізкамалекулярнае хімічнае злучэнне, якое з’яўляецца зыходным матэрыялам для сінтэзу палімераў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАРАФАРМАЛЬДЭГІ́Д, параформ,

сумесь палімераў фармальдэгіду агульнай ф-лы [—CH2O—]n (n = 8—100); зручная для захоўвання і транспарціроўкі форма фармальдэгіду. Бясколерныя крышталі, 4 120—170 °C. Раствараецца ў вадзе (утварае растворы фармальдэгіду). Атрымліваюць канцэнтраваннем фармаліну ў вакууме. Таксічны: таксічнасць абумоўлена частковай дэполімерызацыяй П. пры захоўванні.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)