сцяг, -а, мн. сцягі́, -о́ў, м.

1. Палотнішча ўстаноўленага памеру, формы і колеру (колераў), звычайна з эмблемай дзяржавы, вайсковай часці, арганізацыі і інш., якое выкарыстоўваецца ў якасці іх сімвалу і, як правіла, прымацоўваецца адным бокам да дрэўка або шнура.

Дзяржаўны с.

Беларусі.

Палкавы с.

С.

Перамогі.

2. Кавалак тканіны пэўнай формы і афарбоўкі, які служыць знакам чаго-н., упрыгожаннем і інш.

Зялёны с.

Махаць сцягамі.

Пад сцягам міру — у імя міру.

Трымаць высока сцяг (чаго-н.) — захоўваць якія-н. ідэалы, запаветы (высок.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВЕ́ТРАЗЬ судна,

палотнішча (ільняная, баваўняная, сінтэтычная тканіна) ці гнуткая пласціна для пераўтварэння энергіі ветру ў энергію руху судна; адзін з самых стараж. відаў рухачоў. Ветразі адрозніваюць: па форме — прамыя (у выглядзе прамавугольніка ці раўнабокай трапецыі; ставяцца ўпоперак судна) і косыя (трох- і чатырохвугольныя; ставяцца ўздоўж судна); паводле месца размяшчэння — верхнія, заднія, лятучыя, ніжнія, пярэднія; паводле прызначэння — звычайныя і штармавыя. Вецер аказвае на ветразі непасрэдны ціск (пры размяшчэнні ветразяў перпендыкулярна ветру) ці стварае аэрадынамічную сілу (пры косым абцяканні ветразяў паветр. патокам). У залежнасці ад размяшчэння на судне кожны ветразь мае сваю назву. Выкарыстоўваюцца таксама на буерах.

Ветразі трохмачтавага карабля: 1 — фор-топсель; 2 — фор-бом-брамсель; 3 — фор-брамсель; 4 — фор-марсель; 5 — фок; 6 — грот-топсель; 7 — грот-бом-брамсель; 8 — грот-брамсель; 9 — грот-марсель; 10 — грот; 11 — круйс-топсель; 12 — круйс-бом-брамсель; 13 — круйс-брамсель; 14 — круйс-марсель; 15 — бізань; 16 — клівер; 17 — другі клівер; 18 — фор-стаксель; 19 — стакселі.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНА́Т (лац. ornatus),

верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац. маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФ АН Беларусі.

М.​М.​Яніцкая.

Арнат. Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл. 19 ст.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́лка1 ’кавалак тканіны’, ’пялёнка’ (Ян.), ’пялёнка’ (Жд. 1), ’крысо’ (Сл. Брэс.), ’адно палотнішча (у дзяружцы, мяшку і інш.)’ (ТС), ’посцілка’ (ЛА, 2). Укр. пілка ’полка’, рус. полка ’кавалак тканіны ва ўсю шырыню’, по́лочка ’пярэдняя частка жаночай вопраткі’, славац. polka ’кавалак палатна спавіваць дзіця’, ’адно палотнішча’, балг. полка ’верхняя жаночая вопратка’, ’блуза’. Памяншальная форма ад прасл. *pola, якое ад *polъ ’палова, бок’ (гл. паў-), параўн. польск. poła ’палова’, славац. pola ’полка; крысо’, балг. пола́ ’ніжняя частка вопраткі’, ’палавінка варот’. Гл. пала́.

По́лка2 ’палок у лазні’, ’насціл для сушкі гароху і інш.’ (Ян.). Рус. полка ’паліца’, польск. półka ’тс’. Памянш. да пол2, першапачаткова ’дошка, плашка’; Банькоўскі (2, 689) рэканструюе *polъka ’расколатае напалову бервяно, што служыла паліцай’, што да праслав. *pelti ’раздзіраць на дзве часткі’ з і.-е. *(s)p(h)el‑ ’расколваць’. Ідэнтычнае polъ ’палова; бок, край’, параўн. апо́лак ’крайняя дошка з бервяна’. Гл. паў-, палова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турба́н1 ‘музычны інструмент тэорба’ (Нас.). Відаць, праз польск. tyorba, teorban ‘вялікая лютня’ з франц. théorbe, téorbe, tuorbe ‘тс’, італ. tiorba ‘тс’. Гл. тарба́н.

Турба́н2 ‘усходні галаўны ўбор, палотнішча, абматанае вакол галавы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Вруб.). Праз польск. turban ‘тс’, якое (магчыма, праз франц. turban) з тур. tülbend ‘муслін’ < перс. dülbänd ‘тканіна з крапівы’ (SWO, 1980, 783; Фасмер, 4, 136; Арол, 4, 129).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,

сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.

Да арт. Алімпійская сімволіка. Алімпійскі сцяг.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

засло́на, ‑ы, ж.

1. Тое, што прыкрывае, засланяе сабой што‑н. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Маўр.

2. Шырокае палотнішча (часта з дзвюх палавін), якое закрывае сцэну ад глядзельнай залы. На сцэне, за заслонай, ішла дзейсная падрыхтоўка да канцэрта. Чарнышэвіч.

•••

Агнявая заслона — паласа артылерыйскага або мінамётнага агню, якая служыць перашкодай для руху праціўніка.

Дымавая заслона — штучна ўтвораныя воблакі дыму або туману як спосаб маскіроўкі.

Прыўзняць заслону гл. прыўзняць.

Упала (спала) заслона — стала зразумелым, вядомым тое, што было тайным, скрытым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́лена ’падол (ніжні край спадніцы)’ (нараўл., ельск., Мат. Гом.), ’ніжні край кашулі’ (Арх. Федар.), ’прыпол’ (лун., Сл. Брэс.; ТС), пе́ліна ’прыпол’ (Мат. Гом.), пелена́ ’падол, прыпол’ (ПСл). Укр. пе́лена́ ’падол кашулі; ніжні край страхі’, рус. наўг., пск. пелена́ ’сшытая полка; палотнішча’, чэш., славац. plena, славен. peleníca, pelna, plẹ́na, pleníca, pelníca, серб.-харв. ре̏лена, pelèna, макед., балг. пелена, ст.-слав. пелена. Прасл. *pelenā і pelnā, роднасныя лац. pellis < pelnis, ст.-грэч. πέλας ’скура’, ст.-в.-ням. fel ’тс’, ст.-англ. filmen ’скурка (на крайняй плоці)’, літ. plėnė̃ ’скурка, плеўка’, ст.-прус. pleynis < і.-е. *pel‑ ’покрыва, адзежа, абалонка’ (Махэк₂, 458; Аткупшчыкоў, Из истории, 134–135). Гл. таксама пеляна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.

1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.

2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.

•••

Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.

Трымаць высока сцяг гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)