хмель, хмелю, м.

1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.

2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.

3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.

4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.

•••

Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вінагра́д ’пладовая павойная расліна, Vitis vinifera L.’ (БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), віныгра́д ’тс’ (Бяльк.); ’фруктовы сад’ (Нас.); ’садавіна’ (Нас.); ’садовыя расліны’ (Сцеп.), фалькл. вінаградзік ’вінаграднік’ (Кліх). Укр. виноград ’вінаград’; ’гронка вінаграду’; ’вінаграднік’; ’садавіна’, рус. смал. виноград ’садовы плод (любы)’; ’сад’; ’віно’, эпітэт жаніха, кастр. ’аздоба хамута ў выглядзе лістоў вінаграду з гронкамі’, ст.-рус. виноградъ ’вінаграднік, фруктовы сад’ (з XII ст.); ’ягада вінаграду’ (XVII ст.); ’вінаграднае віно’ (з XVIII ст.), польск. winograd ’вінаград, ягада вінаграду, віно’, ст.-польск. winograd ’вінаграднік’, чэш. vinohrad, славац. vinohrad, славен. vinógrad ’тс’, серб.-харв. вѝноград, ст.-слав. виноградъ. Прасл. vinogordъ. У бел. мове запазычана з ц.-слав. Звычайна лічаць слав. vinogordъ запазычаннем з гоц. weingards, ст.-в.-ням. wîngart(o), с.-в.-ням. wîngart(e), н.-в.-ням. Wingert ’вінаграднік’ (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Лёвэ, KZ, 39, 317–333; Мух, AnzIF, 9, 197; Брукнер, AfslPh, 42, 141; Шанскі, 1, В, 101; Стэндэр-Петарсан, Slav.-germ., 365; Кіпарскі, Fremdes, 225; КЭСРЯ, 82). Скок (3, 595) мяркуе, што vinogordъ узнікла на слав. глебе і з’яўляецца складаным словам (параўноўвае ст.-слав. виноградъ і врътоградъ, ад vino > віно́ (гл.) і gordъ > гарод, горад) (гл.), якое азначала адроджанае месца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветка 1 ’галінка’ (Грыг., Рам., 6, Касп., Бяльк.), палес. вітка, ветка ’мяцёлка проса, аўса, грэчкі’ (Выг., Шатал.), лаг. ве́тка ’некалькі кветак, якія зрасліся разам; некалькі ягад на адной галінцы’ (КЭС), укр. вітка, віть, вітьва ’галіна’, палес. ві͡етка ’тс’, вʼетка ’гронка ягад, дробных пладоў, кветак’, рус. ве́тка: арл. ’сасновая галінка з шасцю канцамі, аздобленая лялькамі, пацеркамі, званочкамі’, маск. ’бульбянік’, краснадар. ве́тки ’дрэвы’, валаг. калін., арл., ’націна бульбы, гароху, гуркоў’, пенз. ’мяцёлка аўса’, пск., смал. ве́тка ’вяха ля дарогі’; ’двое рабочых з тройкай коней на лясных промыслах’, польск. wietka ’тс’, witka ’галінка, лазінка; вусікі ў раслін’, чэш. рэдкаўж. větka ’галінка’, серб.-харв. уст. ве̏тка, макед. ветка, балг. ветка, ветчица ’тс’. З’яўляецца праславянскім дыялектызмам з коранем vět‑ (з *u̯oit‑), які меў другую ступень чаргавання галоснага *vit‑ (з *u̯eit‑); параўн. славін. vjītev, славен. vȋtva і вышэй адзначанае польск. witka, якія звязваюцца са ст.-прус. apewitwo, witwan ’нізкая вярба’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vītnes ’вусікі ў раслін’, vītols ’вярба’, грэч. οἶσος, οἰσύᾱ (*voituva), ἰτεα (Ϝιτέα) ’тс’, лац. vītis ’лаза, вусік’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vajā ’галіна’, vētasás ’вадзяная павойная расліна, Calamus rotang’, авест. vaēiti ’лаза’ (Фасмер, 1, 306). У такім выпадку vit‑/vět‑ з’яўляюцца роднаснымі з viti, vьjǫ. Аднак некаторыя славянскія формы з ‑ě‑ не маюць дзеепрыметнікавай зычнай ‑t‑: славен. vȇja, ст.-слав. вѣꙗ ’галіна’, балг. вейка ’тс’, вей ’хаціна, пакрытая галінкамі’, вейка, вѐйчица, вейник ’тс’, якія адносяцца этымолагамі да viti ’віць’ (БЕР, 1, 129, 138; Рудніцкі, 1, 443) або да vějati ’веяць’ (Голуб-Копечны, 414; Міклашыч, 387). Формы з ‑к‑а з’яўляюцца дэмінутыўнымі ад věta (укр. віта ’галіна’). Бел. ви́тка ’тс’ (Нас.) паходзіць, відавочна, з польск.

Ве́тка 2 ’чыгунка, якая адыходзіць убок ад асноўнай чыгуначнай магістралі’ (БРС, КТС), з рус. ве́тка ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)