ГАЛАШЭ́ННІ,

своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.

Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).

Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.​Купала, М.​Гарэцкі, У.​Караткевіч, Б.​Сачанка, Я.​Сіпакоў і інш.

Літ.:

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;

Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць);

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ВАЛДА́ЙСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пн Беларусі. Займае Віцебскую, ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з Зах.-Бел., Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі, на ПнЗ з правінцыяй Усх. Прыбалтыкі. Працягнулася з З на У на 340 км, з Пн на Пд на 160—240 км; пл. 57,6 тыс. км². У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі вылучаюцца акругі Беларускае Паазер’е і Беларуская града. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы на ПдЗ, Балтыйскай сінеклізы на ПнЗ, Латвійскай седлавіны на Пн і Аршанскай упадзіны на У і ПдУ. Асадкавыя пароды, пераважна дэвонскія даламіты, вапнякі, пясчанікі, перакрыты адкладамі антрапагенавай сістэмы — марэннымі супескамі, суглінкамі і глінамі, лёсападобнымі пародамі, торфам, сапрапелітамі і інш. У рэльефе вылучаюцца Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы, утвораныя ў час сярэднеплейстацэнавага зледзянення, Віцебскае, Гарадоцкае, Свянцянскае і інш. ўзвышшы, Чашніцкая раўніна, а таксама Полацкая, Нарачана-Вілейская і інш. нізіны, якія ўзніклі пасля дэградацыі познаплейстацэнавага зледзянення. Для ўзвышшаў Бел. грады характэрны градавы і буйнаўзгорысты дэнудацыйны марэнны рэльеф, на якім пашыраны яры і суфазійныя западзіны на лёсападобных пародах. У межах яе на Мінскім узв. знаходзяцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узр. м.). Рэльеф Бел. Паазер’я больш малады, пераважна плоскі нізінны і спадзістахвалісты раўнінны, на ўзвышшах канцова-марэнны градавы і ўзгорысты, са шматлікімі азёрнымі катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, даламіты, торф, сапрапелі. Клімат умерана кантынентальны, вільготны, найб. халодны на Беларусі. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 — -8,2 °C, ліп. 17,2—18 °C, ападкаў 560—650 мм за год. Вегет. перыяд самы кароткі на Беларусі — 180—185 сутак.

Па вял. узвышшах на Пд Беларуска-Валдайскай правінцыі праходзіць частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага м. — Зах. Дзвіной, Віліяй (бас. Нёмана), Ловаццю (бас. Нявы) і Чорнага м. — Бярэзінай з Свіслаччу (бас. Дняпра) і інш. Басейны Нёмана і Дняпра злучаны праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. Глебава-расліннае покрыва характарызуецца дробнымі контурамі, што звязана са стракатасцю рэльефу і грунтоў. Глебы на ўзвышшах дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя на марэне і лёсападобных суглінках, у нізінах дзярнова-падзолістыя аглееныя цяжкасугліністыя на азёрна-ледавіковых і пясчаныя на водна-ледавіковых адкладах, а таксама дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя на лёсападобных пародах, у паніжэннях рэльефу забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў. Лясы займаюць 35% тэрыторыі, належаць да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Буйныя хваёвыя і драбналістыя з прымессю шыракалістых парод лясныя масівы захаваліся на нізінах (складаюць да 50% агульнай плошчы лясоў). На ўзвышшах лясы з перавагай елкі, дубу, вольхі (менш за 20% плошчы). Балоты пераважна нізінныя і вярховыя на Пн. Пад ворывам больш за 30% тэрыторыі. У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. парк Браслаўскія азёры і шматлікія заказнікі.

В.​П.​Якушка.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРЫ,

прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн. км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс. км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс. км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс. км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл. воз. Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).

Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.
Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.
Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.
Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.

Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш. Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл. Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.

На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл. Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).

Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.

Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.

Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.​Бажова ў г. Сысерць (Расія).
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁ,

збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.

Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл. Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн. арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).

На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб. стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст. гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г. буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял. Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял. арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл. буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл. Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.

Літ.:

Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995.

С.​А.​Сергачоў.

Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.
Да арт. Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.
Да арт. Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.
Да арт. Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у Мінску.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ХАРЫ́, АНСА́МБЛІ, АРКЕ́СТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця муз. і харэаграфічнага аматарскага мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца з 1960 калектывам, якія дасягнулі высокага выканальніцкага майстэрства, вывучаюць, адраджаюць і зберагаюць рэгіянальныя асаблівасці бел. вак., муз., харэаграфічнага фальклору, папулярызуюць творы бел. прафес. кампазітараў і сусв. муз. культуры, рэгулярна выступаюць перад гледачамі, удзельнічаюць у фестывальным руху, папулярызуюць нац. мастацтва за межамі краіны. Працуюць пры палацах і дамах культуры (ДК, гар. — ГПК, ГДК, цэнтральныя — ЦДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, цэнтрах культуры (ЦК), б-ках, сярэдніх і вышэйшых навуч. установах. Парадак і арганізацыя іх працы вызначаны Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. У калектывах вядзецца работа па вывучэнні муз. граматы, фарміраванні пеўчай культуры, авалоданні муз. інструментамі, асновамі харэаграфіі, культурай сцэн. паводзін і інш. Некаторыя з нар. калектываў маюць калектывы-спадарожнікі і спец. студыі. Кіруюць імі прафес. хормайстры, дырыжоры, балетмайстры. Метадычную і творчую дапамогу калектывам аказваюць абл. метадычныя і навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. творчыя калектывы і інш. Нар. калектывы вак.-хар. жанру ўмоўна падзяляюць на: хары (капэлы, ансамблі) з акад. і нар. манерай выканання, аднародныя (жаночыя і мужчынскія) і мяшаныя, аднагалосыя і шматгалосыя, малыя (камерныя; 12—30 чал.), сярэднія (30—50 чал.), вял. (50—70 чал.), зводныя (больш як 70 чал.), вак. ансамблі (менш як 12 чал.), ансамблі песні (песні і танца; песні, музыкі і танца), сольнае выканальніцтва, вучэбныя хары. Інструментальна-аркестравы жанр уключае: аркестры і інстр. ансамблі мяшаныя — сімф., эстр., нар.; аднародныя — струнныя, духавыя, ударных, нар. інструментаў; харэаграфічны жанр уключае ансамблі (гурты): нар.-сцэнічныя, фалькл., фалькл.-этнагр., быт., класічнага, эстр., спарт., бальнага танца, ансамблі песні і танца і інш. На Беларусі (2000) больш за 360 нар. калектываў вак.-хар. жанру, у т. л. 138 мяшаных хароў, 39 хароў ветэранаў вайны і працы, 17 жаночых, 12 мужчынскіх хароў і ансамбляў, 8 акад., 6 камерных хароў, 81 ансамбль нар. песні, 39 вак. ансамбляў, 10 студый эстр. песні і інш.; 209 калектываў муз.-інстр. жанру, у т. л. 52 духавыя, 48 нар. інструментаў, 8 рус. нар. інструментаў, 7 цымбальных, 5 камерных аркестраў, 14 эстр. аркестраў (ансамбляў), 39 ансамбляў нар. інструментаў, 12 вак.-інстр. ансамбляў і інш.; 111 калектываў харэаграфічнага жанру, у т. л. 55 ансамбляў танца, 33 ансамблі песні і танца, 15 ансамбляў бальнага, 5 эстр. танца і інш.; 109 фальклорных калектываў, у т. л. 84 фалькл. ансамблі (гурты), 18 фалькл.-этнагр., 6 ансамбляў (і хароў) фалькл. песні і інш. Сярод іх нар. калектывы: хары Падлескага СДК Ляхавіцкага р-на (з 1965), Залескага СДК Кобрынскага р-на (з 1993), духавы аркестр Палаца культуры (ПК) Пінскага прадзільна-трыкат. ВА «Палессе» (з 1987), сямейны ансамбль «Дзіва» Адрыжынскага СДК (з 1995) і ансамбль нар. песні і музыкі «Мужыкі» Мотальскага СДК (з 1996) Іванаўскага р-на, ансамблі танца «Юнацтва» ПК Баранавіцкага баваўнянага ВА (з 1971), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1994), гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага ГДК (з 1985), ансамблі нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага ГДК (з 1990) і «Выцінанка» Столінскага ГДК (з 1992), старадаўняй музыкі «Кантрданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы № 3 (з 1995), ансамбль песні, і танца «Палескія зоры» Пінскага ГДК (з 1977; усе Брэсцкая вобл.); хор Лёзненскага РДК (з 1983), фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы (з 1993), студыя эстр. песні «Рафлезія» Аршанскага ГДК’(з 1996), ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага РДК (з 1983), духавы аркестр ПК Наваполацкага ВА «Нафтан» (з 1978), ансамбль гарманістаў «Боркавіцкія музыкі» Боркавіцкага СДК Верхнядзвінскага р-на (з 1996; усе Віцебская вобл.); хары Азершчынскага СДК Рэчыцкага р-на (з 1963), Залескага СДК Чачэрскага р-на (з 1965), ансамбль нар. песні «Рудабельская пацеха» Акцябрскага Цэнтра вольнага часу (з 1995), фалькл.-этнагр. ансамбль «Лёс» Бабіцкага СДК Чачэрскага р-на (з 1990), ансамбль песні і танца «Сваякі» Мазырскага ПК нафтавікоў (з 1994), вак.-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага ГДК (з 1986), ансамблі музыкі і песні «Скарыначка» Урыцкага рэгіянальнага ЦК Гомельскага р-на (з 1982), «Радуніца» Мазырскага РДК (з 1992), духавы аркестр «Гелікон» Светлагорскага ЦК (1982), вак. ансамбль «Рэчанька» Гомельскай СШ № 53 (з 1994), Хар. капэла Гомельскага абл. Дома тэхн. і маст. творчасці работнікаў адукацыі (з 1978; усе Гомельская вобл.); ансамблі песні і танца «Нёман» Гродзенскага ГДК (з 1967), «Ніва» Верцялішкаўскага ЦДК Гродзенскага р-на (з 1976), хары Жухавіцкага ЦДК (з 1983), Запольскага сельск. клуба (з 1976), Турэцкага ЦДК (з 1997) Карэліцкага р-на, ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага РДК (з 1985), сямейны дуэт Парфёнчыкаў «Мы з вёскі-калыскі» Лідскага р-на (з 1994), ансамблі песні і танца «Лідчанка» (з 1970), нар. музыкі «Калі ласка» (з 1994) Лідскага ГДК, ансамбль танца «Праліца» ПК «Юнацтва» Гродзенскага прадзільна-нітачнага ВА (з 1980; усе Гродзенская вобл.); харэаграфічны ансамбль «Рунь» Магілёўскага ВА «Магатэкс» (з 1989), хар. капэла ДК Магілёўскага аўтазавода (з 1975), ансамбль музыкі, песні і танца «Магілёўцы» абл. навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культасветработы (з 1994), ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага СДК Кіраўскага р-на (з 1993; усе Магілёўская вобл.); фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» (з 1986), маладзёжны жаночы хор «Менка» Мінскага абл. цэнтра нар. творчасці (з 1994), ансамбль песні і танца «Спадчына» Маладзечанскага ГДК (з 1982), ансамбль нар. інструментаў «Капыльскія дудары» Капыльскага РДК (з 1986), ансамбль нар. песні «Ярыца» Любанскага раённага ЦК і майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (абодва з 1997; усе Мінская вобл.); хар. капэла (з 1961), ансамбль танца «Вясёлка» (з 1967), хор ветэранаў вайны і працы (з 1977) Рэсп. ПК прафсаюзаў, хор нар. песні «Жыцень» ДК НВА «Інтэграл» (з 1978), ансамбль танца «Крыжачок» (з 1969) і фалькл.-этнагр. ансамбль «Неруш» (з 1985) БДУ, ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1987), вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узбр. Сіл «Памяць сэрца» (з 1986), ансамбль танца «Вязанка» (з 1978) Рэсп. ПК ветэранаў, фалькл. ансамбль «Радзімічы» з-да колавых цягачоў (з 1986), ансамблі танца «Белая Русь» Рэсп. ПК «Юнацтва» (з 1967), «Лявоніха» (з 1961) і студыя бальнага танца «Мара» (з 1979) ПК МТЗ, хор «Тоніка» Дзіцячай муз. школы № 1 (з 1985), тэатр танца «Карагод» ПК адкрытага акц. т-ва «Сукно» (з 1987; усе г. Мінск).

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя хары, ансамблі, аркестры: 1 — ансамбль «Палескія зоры» Пінскага гарадскога Дома культуры; 2 — ансамбль беларускай песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў; 3 — хор «Тоніка» Мінскай дзіцячай музычнай школы № 1.

т. 11, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЕ́ЙНАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,

аматарская творчасць у галіне музыкі. Уключае індывід. і калект. выкананне вак. і інстр. музыкі, стварэнне аматарамі муз. твораў. Вытокі бел. муз. самадзейнасці ў быт. і абрадавых карагодах і гульнях, у валачобных, калядных і вясельных гуртах, якія рыхтаваліся загадзя. З 1830—40-х г. у гар. асяроддзі Беларусі пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. па першых вадэвілях і муз. камедыях С.​Манюшкі, камерныя вечары і інш. У 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый з 1864, музычныя таварыствы з 1880-х г.). Этапам у развіцці С.м.м. былі беларускія вечарынкі (з 1905), што наладжваліся муз.-драм. гурткамі. Найб. развіццё маст. самадзейнасць набыла з 1920-х г. У стварэнні рэпертуару для калектываў муз. самадзейнасці ўдзельнічалі прафес. кампазітары М.​Анцаў, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, М.​Мацісон. У 1930-я г. для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ствараліся рэспубліканскія (1937) і абласныя (1939) дамы нар. творчасці. Актывізацыі самадз. калектываў, росту майстэрства іх удзельнікаў спрыялі рэсп. алімпіяды і агляды самадз. мастацтва. У шэрагу яркіх калектываў вылучаліся Азершчынскі, Падлескі, Прысынкаўскі, Тураўскі, Юравіцкі нар. хары.

У Вял. Айч. вайну амаль ва ўсіх партыз. фарміраваннях Беларусі існавалі ансамблі і агітбрыгады (гл. Партызанская мастацкая самадзейнасць, Партызанскія песні). Пасляваен. перыяд адзначаны разнастайнасцю тыпаў калектываў, ростам іх маст. ўзроўню. Побач з харамі і ансамблямі песні і танца з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Для метадычнай і практычнай дапамогі самадз. калектывам побач з дамамі нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы) ствараліся рэсп. (1968) і абл. дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадз. творчасці). Кансультуюць калектывы, а часам і непасрэдна кіруюць імі прафес. музыканты. Абнаўляць і ўзбагачаць рэпертуар дапамагаюць рэгулярнае выданне зборнікаў, агляды цэнтрамі нар. творчасці. Вял. ролю ў павышэнні майстэрства калектываў і выканаўцаў С.м.м. адыгрываюць рэсп. і абласныя агляды, конкурсы, фестывалі, святы духавой, нар. музыкі, песні і інш. Лепшым самадз. муз. калектывам прысвойваецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978; гл. Народныя хары, ансамблі, аркестры). Сярод нар. (узорных) самадз. калектываў вылучаюцца: нар. хар. капэла настаўнікаў Брэсцкай вобл., нар. вак. ансамбль «Мілавіца» Брэсцкага гар. Дома культуры (ДК), узорная капэла хлопчыкаў і юнакоў Брэсцкага абл. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў, нар. гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага гар. ДК, нар. ансамбль старадаўняй музыкі «Кантраданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы №3, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раённага цэнтра культуры і нар. традыцый, нар. хор Лёзненскага раённага ДК Віцебскай вобл., нар. фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Наваполацкага ПК вытв. аб’яднання «Нафтан», узорны ансамбль нар. музыкі «Жалейка» Віцебскага цэнтра нар. рамёстваў і мастацтваў «Задзьвінне», нар. хор Тураўскага сельскага ДК Жыткавіцкага р-на, нар. хор «Вязанка» Брылёўскага сельскага ДК Гомельскага р-на, Жлобінскі нар. духавы аркестр ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Беларускі металургічны завод», нар. ансамбль нар. інструментаў Гомельскага абл. Дома тэхнічнай і маст. творчасці, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Радуніца» Мазырскага раённага ДК, нар. фалькл. ансамбль «Сваякі» ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Цырынскія музыкі» Цырынскага ДК Карэліцкага р-на, нар. ансамбль песні і танца «Ніва» Верцялішкаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага раённага ДК, нар. хар. ансамбль «Спадчына» Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу, нар. ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага сельскага ДК Кіраўскага р-на, нар. цымбальны аркестр Асіповіцкага раённага ДК, нар. хар. капэла Магілёўскага ДК аўтазавода імя С.​Кірава, ансамбль нар. музыкі «Скарбніца» г. Магілёў, нар. фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Спадчына» Дзяржынскага гар. ДК, нар. фалькл. ансамбль «Лаўнічанка» Лаўніцкага сельскага ДК Барысаўскага р-на, нар. ансамбль нар. песні «Ярыцы» Любанскага раённага цэнтра культуры, узорны фальклорны ансамбль «Калыханка» Міханавіцкага сельскага ДК Мінскага р-на, узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Жодзінскага ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «БелАЗ», нар. ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў г. Мінск, нар. аркестр нар. інструментаў БДУ, нар. аркестр нар. інструментаў Бел. пед. ун-та, нар. цымбальны ансамбль «Ведрыца» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнскай моладзі, нар. ансамбль камернай музыкі «Рычэркар» Рэсп. ПК прафсаюзаў, нар. вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл «Памяць сэрца» Рэсп. ПК ветэранаў, нар. мужчынскі хор ПК «Аўтазаводзец», фалькл. ансамбль «Дударыкі» Мінскай нац. гімназіі №111 (з 2001 № 14) і інш. Сярод аўтараў песень і інстр. твораў: М.​Вайцяхоўскі, Р.​Галавасцікаў, В.​Гарбатоўскі, У.​Журовіч, П.​Касач, М.​Коньшын, М.​Пятрэнка, М.​Сірата, І.​Сушко, Я.​Ціхановіч, П.​Шаўко, М.​Шумілін, А.​Шыдлоўскі, П.​Шыдлоўскі, М.​Шынкевіч, Л.​Ячнеў і інш. З самадзейнасці пачалі свой творчы шлях нар. арт. СССР Л.​Александроўская, Я.​Глебаў, І.​Жыновіч, нар. арт. Беларусі І.​Балоцін, М.​Дзянісаў, Ю.​Семяняка, засл. арт. Беларусі С.​Навіцкі, Х.​Шмелькін, В.​Шутава, засл. дз. маст. Беларусі І.​Кузняцоў і інш. Лепшыя прадстаўнікі самадз. мастацтва ўвайшлі ў склад Дзярж. нар. хору Беларусі і Дзярж. нар. аркестра Беларусі. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі 8043 вак.-хар. калектывы (у т. л. 2686 дзіцячых), 1059 інстр. (у т. л. 350 дзіцячых): у Брэсцкай 2057 (у т. л. 310 дзіцячых), у Віцебскай 1118 (у т. л. 144 дзіцячыя), у Гомельскай 1166 (у т. л. 153 дзіцячыя), у Гродзенскай 1100 (у т. л. 100 дзіцячых), у Магілёўскай 1263 (у т. л. 118 дзіцячых), у Мінскай 1329 (у т. л. 234 дзіцячыя). Павышэнню маст. ўзроўню рэпертуару і выканаўчага майстэрства садзейнічаюць фестывалі і конкурсы. Сярод сучасных буйных фестываляў на Беларусі: Міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (з 1991, г. Паставы Віцебскай вобл.) і фестываль правасл. песнапенняў (з 1995, Мінск), рэсп. фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» (з 1996, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), у т. л. рэгіянальныя «Дняпроўскія галасы» (г. Дуброўна Віцебскай вобл.), «Берагіня» (з 1999, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.). Сярод навуч. устаноў, якія рыхтуюць кіраўнікоў калектывамі: муз. і маст. вучылішчы рэспублікі, Бел. ун-т культуры, Бел. АМ, Бел. пед. ун-т.

Г.​І.​Цітовіч, А.​А.​Скарына.

Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Фальклорны ансамбль «Дударыкі» Мінскай нацыянальнай гімназіі № 14.
Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Народны ансамбль беларускай песні «Церніца» Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў г. Мінск.
Да арт. Самадзейнае музычнае мастацтва. Ансамбль народнай музыкі «Скарбніца» г. Магілёў.

т. 14, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)