ВЕ́СТЭРФЕЛЬД ((Westerfeldt) Абрахам ван) (? — 24 ці 30.4.1692),
галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла: «Уступленне князя Я.Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫТЦ (Ditz) Ян Фрэдэрык, мастак 18 ст. Паходзіў з Саксоніі. Працаваў размалёўшчыкам і злотнікам шкла, фаянсу, маёлікі ў жывапісных майстэрнях Навасвержанскай фаянсавай мануфактуры і на Урэцкай шклагуце (1739—43). Размалёўваў золатам і рубінавыя, бясколерныя медальёны, адлітыя ў формах. Ведаў састаў добрага шкла. З 1756 працаваў у Слуцкім тэатры Радзівіла, з 1759 пры дварах кн. Радзівілаў у Польшчы і Нясвіжы.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Kamieńska Z. Manufaktura szklana w Urzeczu, 1737—1846. Warszawa, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦКІ СУД,
прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж.гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДА (франц. arcade),
шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),
бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),
1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.
2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.
На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НТКЕ ((Bandtkie) Ежы Самуэль) (24.11.1768, г. Люблін, Польшча — 11.6.1835),
польскі гісторык, бібліёграф, мовазнавец. Д-р філасофіі (1811). Вучыўся ў Гальскім і Іенскім ун-тах (1787—90). Служыў гувернёрам, выкладаў у сярэдніх навуч. установах. З 1811 праф. бібліяграфіі Кракаўскага ун-та, дырэктар Ягелонскай б-кі, дзе ўпарадкаваў б. езуіцкія зборы (каля 15 тыс. тамоў). Аўтар прац па гісторыі Польшчы і ВКЛ, гісторыі права, нумізматыцы, слав. мовазнаўстве. У працах, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ, прывёў даныя пра бел.стараж. выданні, асвятляў дзейнасць бел. першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХВІЦ (Фларыян) (4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),
бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДЗЕ́НКА (Леанід Рыгоравіч) (н. 9.5.1941, Мінск),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Выкладае ў Бел. ліцэі мастацтва (з 1969). Аўтар станковых твораў «Сяброўкі» (1970), «Пяшчотнасць» (1972), «Купава» (1974), «Маці і сын» (1978), «Юнак з вавёркай» (1979), «Рэчанька» (1983), «Бульбачка», «Два торсы» (абедзве 1984) і інш.Манум. работы: у Мінску — фантан «Лета» (1974) на праспекце Машэрава, «Сымон-музыка» (1982) для муз. ліцэя пры кансерваторыі, «Чалавек ідзе» (1986) у парку па вул. Арлоўскай; у Нясвіжы — «Дама ў чорным» (1993); «Любава» (1978) у цэнтр. парку г. Кішынёў і інш. Творчасць адметная лірычным вырашэннем тэмы, тонкім адчуваннем матэрыялу.