спружыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн.новак; ж.

Разм. Барана, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні спружын. [Мацвей:] — Трэба спружыноўку купіць, плугі добрыя, калёсы на жалезным хаду справіць. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставіць.

2. Р мн. новак. Парадак, паслядоўнасць у размяшчэнні чаго‑н. Расстаноўка знакаў прыпынку. □ Самой расстаноўкай вершаў у нізцы Багдановіч нібы паказвае гісторыю ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Лойка.

3. Р мн. новак. Кароткія перапынкі пры размове, пры выкананні чаго‑н. Хабібулін узняў на нас нейкія чужыя вочы і, адвёўшы погляд, з расстаноўкай прагаварыў: — Няма Цімчанкі. Згарэў... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАРДАМА́ЦКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 14.1.1956, пас. Джар-Курган Сурхандар’інскай вобл., Узбекістан),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыёлаг. н. (1992), канд. філас. н. (1983). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у БДУ, ін-тах філасофіі і права, сацыялогіі АН Беларусі, Бел. ін-це праблем культуры. З 1993 кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НОВАК» (новая аксіялогія). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы аксіялогіі і паліт. сацыялогіі. Распрацаваў міждысцыплінарную канцэпцыю каштоўнасных арыентацый асобы і сац. групы (філас., культуралагічны, сацыялагічны і сац.-псіхал. аспекты). Аўтар манаграфіі «Аксіяметрыя — навука пра вымярэнне каштоўнасцей» (1992).

Тв.:

Моральная регуляция поведения личности. Мн., 1987.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн.новак; ж.

Шчыльная плеценая рагожа з суканых мачал, саломы, трыснягу. На вокнах — чыстыя фіранкі з старой бялізны, на падлозе — саламяныя цыноўкі. Маўр. У пакой праз сітняговыя плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растэрміно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн.новак; ж.

Выкананне або выплата чаго‑н. па частках у які‑н. тэрмін. Продаж у растэрміноўку. □ І хоць у .. [Піка], як і ў нас, запэцканыя рукі па локаць, але меў чалавек свой домік на ўскраіне, куплены ў растэрміноўку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаліно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн.новак; ж.

Разм. Вялікая тонкая шарсцяная, кашміровая хустка ў кветкі. Тады той, што моцна трымаў Вольгу за руку, прапанаваў ёй: — Выйдзем... пройдземся. — Яна ўскінула на плечы шаліноўку. Лось. Вось і на гэты раз.. [Марфа] крыху ўзнімалася над людскімі галовамі, і яе высокая кукла ў квя[ці]стай шаліноўцы паварушвалася ў такт барабана. Кулакоўскі.

[Ад польск. szalinówka.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.​К.​Новак (да лют. 1920), Я.​С.​Гернет (да мая 1920), Г.​М.​Тырышкін (да вер. 1920), М.​В.​Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.​А.​Вялічка (да лют. 1920), Я.​І.​Азолін (да ліп. 1920), К.​В.​Траянскі (да ліст. 1920).

І.​Я.​Краўцоў.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пастано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паставіць ​1.

2. Арганізацыя чаго‑н. Пастаноўка політэхнічнага навучання. Пастаноўка музычнай адукацыі ў школах.

3. Р мн. новак. Спектакль, інсцэніроўка. Афішы тэатра імя Якуба Коласа паведамлялі аб пастаноўцы камедыі В. Вольскага «Несцерка». «Полымя». — Адкуль бяжыш? — абыякава пытае.. [бацька]. У голасе адчуваюцца ноткі халоднасці. — З Альхоўкі, — адказвае Наталька, — там пастаноўка была. Кулакоўскі.

4. Становішча якой‑н. часткі цела, твару; манера трымаць якую‑н. частку цела. Правільная пастаноўка ног.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн.новак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).

2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.

3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».

4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),

выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл. Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв. фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.

Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.​Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г. бел. мастак Н.​Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.​Васняцова, Р.​Гутуза, А.​Дайнекі, Г.​Клімта, Ф.​Лежэ, І.​Рабіновіча, Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса, Б.​Тальберга, М.​Урубеля, Х.​Эрні, архітэктара А.​Гаўдзі і інш.

На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.​Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.​Данцыг, Б.​Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.​Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.​Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.​Стальмашонак, В.​Даўгала), «Інстытут культуры» (В.​Чайка, С.​Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.​Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.​Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.​Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.​Самсонаў) і інш.

А.​М.​Пікулік.

Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.
Да арт. Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.
Да арт. Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.
В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)