гіпабіясфе́ра

(ад гіпа- + біясфера)

слой літасферы глыбінёй 5—6 км, у які жывыя арганізмы трапляюць выпадкова, існуюць часова, але не могуць нармальна жыць і размнажацца (ніжні аналаг парабіясферы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аэрабіясфе́ра

(ад аэра- + біясфера)

прыземны слой атмасферы (да вышыні 6—7 км), у якім пастаянна прысутнічаюць жывыя арганізмы і дзе яны пры пэўных умовах здольныя нармальна жыць і размнажацца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

працава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; незак.

1. Займацца якой-н. працай, ажыццяўляць якую-н. дзейнасць.

П. у полі.

Хто працуе, той і мае (прыказка). Хто працуе, таму і шанцуе (прыказка). П. здзельна.

П. над помнікамі старой пісьменнасці (вывучаць іх). П. над сабой (удасканальваць сябе ў чым-н.). П. са слоўнікам.

2. Мець дзен. які-н. занятак, пасаду, служыць.

П. на фабрыцы.

П. у калгасе.

П. бухгалтарам.

3. на каго-што. Абслугоўваць каго-, што-н. сваёй працай.

П. на сябе.

Завод працаваў на абарону.

4. чым. Прыводзіць у дзеянне, кіраваць чым-н.

П. вёсламі.

П. рукамі і нагамі ў вадзе (плысці).

5. Знаходзіцца ў дзеянні, выконваць свае функцыі.

Матор працуе без перабояў.

Сэрца нармальна працуе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

régelrecht

1. a сапра́ўдны, нарма́льны;

ein ~er Réinfall по́ўны права́л, по́ўная няўда́ча;

die Sáche geht íhren ~en Gang спра́ва ідзе́ нарма́льна [так, як трэ́ба]

2. adv па-сапра́ўднаму

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

*Навяжоны, навежоны ’дзіўны, дзівакаваты’ (ТС), параўн. укр. навішений ’вар’ят’. Відаць, ад дзеяслова навяжаць ’наведваць’ (Нас.), параўн. палес. навыжʼаты ’развітвацца з нябожчыкам’ (драгіч., Клім.), якое, як відаць з ілюстрацыі (Бабы пошлы noKojHUKa навыжʼаты), хутчэй мае значэнне ’наведваць’, параўн. ст.-бел. ест хоробою обложною навежоны, што суадносіцца з дзеясловам навежати ’наведваць’, адзначаным у пісьмовых помніках з XV ст., які Булыка (Лекс. запазыч., 197) лічыць запазычаннем са ст.-польск. nawiedzać. Польск. дыял. nawiedzony ’ненармальны чалавек, які знаходзіцца пад уплывам злых духаў, знахар’ тлумачыць семантыку беларускага слова (= *чалавек, якога наведалі злыя духі, у выніку чаго ён страціў здольнасць нармальна сябе паводзіць’), аднак не дае фармальных падстаў лічыць яго непасрэдным запазычаннем, паколькі ўсходнеславянскі рэфлекс ж < *dj характэрны і для тураўскай гаворкі, параўн. на́жа (< *nadja), нужа (< *nudja) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.​П.​Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

здаро́ўе, ‑я, н.

Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.

•••

Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.

За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.

На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́расць, ‑і, ж.

1. Ступень хуткасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Скорасць палёту. Скорасць бегу. Скорасць святла. □ Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Колас.

2. Ступень хуткасці, з якой адбываецца які‑н. працэс, дзеянне і пад. Скорасць рэзання. Скорасць вярчэння дыскаў.

3. Спец. Ступень хуткасці ластаўкі грузаў. Пасажырская скорасць. Адпраўка грузаў малой скорасцю.

4. Ступень хуткасці руху або вярчэння некаторых машын (аўтамабіля, матацыкла, станка і пад.), якая залежыць ад спосабу счаплення шасцярон. Уключыць скорасць. Весці машыну на трэцяй скорасці. □ У счапленні, значыць, нічога не можа быць — скорасці пераключаюцца нармальна. Мыслівец.

5. У фізіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Адзінка скорасці. Сярэдняя скорасць. Вылічэнне скорасцей.

•••

Вялікая скорасць (спец.) — павышаная скорасць перамяшчэння грузаў (проціл. малая скорасць).

Каробка скорасцей гл. каробка.

Касмічныя скорасці — мінімальныя пачатковыя скорасці, пры якіх касмічны апарат, што запускаецца з Зямлі, можа стаць штучным спадарожнікам яе (першая касмічная скорасць), або пераадолець зямное прыцяжэнне і выйсці к іншым планетам Сонечнай сістэмы (другая касмічная скорасць), або пакінуць Сонечную сістэму, пераадолеўшы прыцяжэнне Зямлі і Сонца і пайсці ў міжзорную прастору (трэцяя касмічная скорасць).

Крэйсерская скорасць — нармальная скорасць карабля або самалёта ў адрозненне ад максімальнай.

Лінейная скорасць (спец.) — скорасць руху пункта, якая вызначаецца па даўжыні шляху, пройдзенага за адзінку часу.

Малая скорасць (спец.) — звычайная скорасць руху таварных паяздоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)