Пры́ндзіццанадрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога у́, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

zrywać

незак.

1. зрываць; рваць;

zrywać kwiaty — рваць кветкі;

2. зрываць, здзіраць;

zrywać czapkę z głowy — зрываць шапку з галавы;

3. разрываць; рваць; касаваць;

zrywać stosunki — разрываць адносіны;

zrywać umowę — касаваць дамову;

zrywać boki ze śmiechu — бакі рваць ад смеху; кішкі з рогату рваць;

zrywać piersi (płuca) — надрывацца; дзерці горла

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)