МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,
адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст.Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.
Літ.:
Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,
літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял.Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Р.Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.Асецкага, К.Качана, П.Крахалёва, А.Шыбнёва, прысвечаныя паэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 4-я ўдарная, 6-я гв., 43-я, 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Ім процістаялі злучэнні 16-й арміі групы армій «Поўнач» і частка сіл 3-й танк. арміі групы армій «Цэнтр», што ператварылі Полацк у магутны вузел абароны. Мэта аперацыі — разгром полацкай групоўкі праціўніка, вызваленне Полацка. У ходзе аперацыі групоўка ворага была ліквідавана, вызвалены 29 чэрв.г.п. Ушачы і в. Ветрына, 1 ліп.г.п. Шаркаўшчына, 2 ліп.г. Докшыцы і в. Пліса, 3 ліп.г. Глыбокае, 4 ліп. Полацк і г. Дзісна; у вызваленні Глыбокага і Докшыц удзельнічалі партызаны. У выніку аперацыі войскі фронту ізалявалі адну ад адной групы армій «Поўнач» і «Цэнтр», забяспечылі наступленне з Пнгал.стратэг. групоўкі сав. войск на тэр. Беларусі. 31 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Полацкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж.слав. племя венды ці венеды),
вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗУсх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),
найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.Вілар (1733—34), Ф.Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.С.Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.Д.Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.В.Сувораў (1799—1800); у СССР І.В.Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.Франка (пасля 1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),
англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,
мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.
На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбар нац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).
Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,
хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.
Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст.Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.Учэла 1450-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.