МАНТЭ́Т,

летні сорт яблыні канадскай селекцыі. Атрыманы ад свабоднага апылення Грушаўкі маскоўскай. На Беларусі пашыраны ў аматарскім садаводстве.

Дрэва сярэднярослае, з авальнай рэдкай кронай і моцнымі шкілетнымі галінамі, накіраванымі ўверх. Пладаносіць на 5-ы год, ураджайнасць высокая, але нерэгулярная. Сорт сярэднезімаўстойлівы, пашкоджваецца паршой. Плады сярэдняй велічыні, круглавата-канічныя, зеленавата-жоўтыя з ярка-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакаўная, пахучая, кіславата-салодкая.

З.​А.​Казлоўская.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́ШАНЬ (Clitopilus prunulus),

шапкавы грыб сям. энталомавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лясах, на палянах, узлесках, садах. Нар. назва гладун.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя. Ядомы.

Падвішань.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.

Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛЕ́ТНЯЯ,

сорт грушы народнай селекцыі. Перспектыўны для аматарскага садоўніцтва ў паўд.-зах. і паўд. зонах Беларусі.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, густая. Пладаносіць на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы. адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы, часам, пашкоджваецца пладовай гніллю. Плады буйныя (140—160 г), жаўтавата-зялёныя з невял. буравата-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакавітая. дробназярністая. масляністая, салодкая. Захоўваецца каля 2 тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мя́ккасць, тураў. мʼякосць ’уласцівасць мяккага’, ’мякаць’, ’вялікая мяккасць’ (ТСБМ, ТС). Укр. мʼякість, рус. мягкость, польск. miękkość, н.-луж. měkosć, в.-луж. mjechkość, чэш. měkkost, славац. mäkkosť, ст.-славен. mehkust, серб.-харв. ме̏кост, балг. мѐкост. Прасл. mękostь. Да мя́ккі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНТЭ́Й,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.

Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.

Антэй.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ,

сорт грушы, выведзены ў Нідэрландах. На Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.) рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона пірамідальная, сярэдняй гушчыні. Пачынае плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, высокаўраджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г). Скурка зеленавата-жоўтая, з невял. карычняватым румянцам. Мякаць белая, сярэдняй сакавітасці, паўмасляністая, кіславата-салодкая, крыху даўкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Віндзорская груша.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХМЯ́НАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзена скрыжаваннем сартоў Аляксандраўка і Любіміца Клапа. Знаходзіцца ў дзярж. сортавыпрабаванні.

Дрэва сярэднярослае, крона плоскакрутлаватая, густая. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 4—5-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—130 г). Скурка жаўтавата-зялёная з размытым у выглядзе палос цагляна-чырвоным румянцам. Мякаць белая, мяккая, сакаўная, кісла-салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Груша Духмяная.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯЛЁНКА, радоўка шэрая (Tricholoma portentosum),

шапкавы грыб сям. радоўкавых. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі з вер. па кастр. трапляецца ў хваёвых лясах. Нар. назвы сівуха, плюсы.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—9 см, пукатая, потым плоская з надтрэснутым прыўзнятым краем, брудна-шэрая, злёгку ліпкая. Пласцінкі прырослыя, шырокія, белыя або жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або шараватая з мучным пахам і смакам. Споры белыя. Ядомая.

Падзялёнка.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маслёнка ’пярэсна еўрапейская, Trollāus europaeus L.’ (гродз., Кіс.), маслёнкі, маслячкі, масля́начкі ’кветкі лотаці, Caltha palustris’ (смарг., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), масьлянка ’кураслеп лясны, Anemone silvestris L.’ (Бел. зельн.). Да масла, масляк (гл.). Названы паводле жоўтага колеру кветак, такога, як мякаць маслякоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)