ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
паніжэнне дна ва ўсх. ч. Індыйскага ак. Акаймоўваецца на Пд Заходне-Аўстралійскім хр., на З Усходне-Індыйскім хр., на Пн падводнымі гарамі паміж а-вамі Какосавымі і Раства, на У мацерыковым схілам Аўстраліі. Пераважае расчлянёны пагоркавы рэльеф. Каля Аўстраліі буйныя горныя масівы, магчыма, рэшткі стараж. мацерыковых структур. Глыб. да 5000—6500 м, на асобных падняццях памяншаецца да 1555 м. Грунты — чырв. гліны, радыялярыевыя і фарамініферавыя глеі. Шырока развіты жалеза-марганцавыя канкрэцыі.
т. 7, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пясо́к, ‑ску, м.
1. Горная парода, якая складаецца з асобных вельмі дробных часцінак кварцу або іншых цвёрдых мінералаў. Жоўты пясок.
2. пераважна мн. (пяскі́, ‑оў). Вялікія масівы, прасторы такой пароды. Пяскі пустыні. // Пра глебу з вялікай колькасцю такой пароды. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Чорны. — На нашых пясках не скора разбагацееш, — дапамагаў гараваць старшыні Антось Жыгалка. Дуброўскі.
•••
Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках, крышталіках у адрозненне ад рафінаду.
Пабудаваць на пяску гл. пабудаваць.
Пясок сыплецца з каго — пра вельмі старога, нядужага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.
т. 2, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́Ш-АЛАКО́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Балхаш-Алакульская катлавіна,
плоская замкнёная ўпадзіна на У Казахстана. Даўж. больш за 700 км, выш. 342 (узровень воз. Балхаш) — 600 м над узр. м. Утварылася ў выніку прагіну, які запоўнены рачнымі пясчанымі адкладамі. Уключае на З воз. Балхаш, на У азёры Сасыкколь і Алаколь, на Пд пясчаныя масівы Таўкум, Муюнкум і інш. Ападкаў 135—200 мм за год. Пануюць пустынныя і паўпустынныя ландшафты. Перавеяныя пяскі ўтвараюць грады (выш. да 30 м), паўзарослыя саксаулам, джузгунам, палыном, салянкамі.
т. 2, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перале́сак Невялікі лес, які аддзелены палянамі ад іншых лясных участкаў, або рэдкі лес, які злучае лясныя масівы (Крыч. Меер, 1786, 112, Нясв., Слаўг., Шчуч.). Тое ж перале́сянак (Слаўг.).
□ б. х. Пералесянкі (Свенскаполле) Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПАЎВО́СТРАЎ (да 1961 Зямля Грэяма),
частка тэрыторыі Антарктыды, выцягнутая на Пн у напрамку Паўд. Амерыкі паміж морамі Уэдэла і Белінсгаўзена. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. Выш. да 4191 м. Цэнтральная ч. — ледавіковае плато выш. 1500—2000 м; на ўзбярэжжах горныя масівы, месцамі свабодныя ад лёду. Клімат антарктычны (пад уплывам акіяна менш суровы, чым на мацерыку). На паўн.-зах. узбярэжжы зрэдку трапляюцца каля 10 відаў дробных травяністых кветкавых раслін. На Антарктычным паўвостраве антарктычныя навук. станцыі Вялікабрытаніі, Аргенціны, Чылі.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.
т. 5, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс. га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.
т. 4, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГНА, дрыгва,
зыбкае, грузкае балота. Утвараецца пры зарастанні возера чаротам, рагозам, бабком трохлістым, капытнікам балотным, брыевымі і сфагнавымі імхамі і інш. раслінамі (з паверхні) і ператварэнні яго ў нізіннае балота. Пад слоем нетрывалай травяна-імшыстай дзярніны (сплавіны) знаходзіцца слой вады або глею. Узровень вады блізкі да паверхні, перыядычна мяняецца. Небяспечная для людзей і свойскай жывёлы; замярзае толькі ў самыя суровыя зімы. З развіццём меліярацыі і асушэннем нізінных балотаў вял. багнавыя масівы на Беларусі амаль зніклі. Захаваліся на тэрыторыі некаторых запаведнікаў (Бярэзінскі біясферны, Прыпяцкі гідралагічны) і заказнікаў.
т. 2, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
т. 5, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)