АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анемі́я

(гр. anaimia, ад а- = не, без + haima = кроў)

хваравіты стан, які характарызуецца памяншэннем колькасці эрытрацытаў і гемаглабіну ў крыві; малакроўе.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ішэмі́я

(ад гр. ischo = затрымліваю + haima = кроў)

мед. малакроўе органа ці асобнага яго ўчастка з-за абмежаванага прытоку крыві пры закупорцы або спазмах артэрыі, якая яго жывіць.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НІ́ЦА (Nice),

горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморскія Альпы і гал. горад гіст. вобласці Ніца. Каля 450 тыс. ж. з прыгарадамі (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. Міжнар. аэрапорт. Кліматычны курорт на Блакітным беразе Міжземнага м.; адзін з найб. вядомых сусветных курортаў. Клімат субтрапічны. Лечаць хваробы лёгкіх, верхніх дыхальных шляхоў, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, малакроўе і інш. Мае шмат пансіянатаў, санаторыяў, адзін з найбуйнейшых пляжаў на Міжземнамор’і. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, парфумерная, мэблевая, эл.-тэхн.; выраб сувеніраў. Кветкаводства і гандаль кветкамі. Кінастудыя. Ун-т. Музеі: археал., натуральнай гісторыі, выяўл. мастацтваў, А.Матыса і інш. Сабор, цэрквы і палацы 17—18 ст.

Засн. ў 300 да н.э. факейцамі з Масаліі (цяпер г. Марсель) як грэч. калонія Нікая. З 3 ст. н.э. сядзіба епіскапа. З 5 ст. падвяргалася нападам германцаў, пазней — сарацынаў. У сярэднявеччы ў саюзе з Пізай абаранялася ад дамаганняў Генуі. У 13—14 ст. пад уладай графаў Праванса. У 1388 падпарадкавана графамі Савоі, якія пабудавалі тут крэпасць і ператварылі горад у гандл. цэнтр. У 1543 пасля аблогі абрабавана аб’яднанымі франка-тур. войскамі ў час вайны Францыска I з Карлам V.

У 1626 атрымала значныя прывілеі. Пры Людовіку XIV неаднаразова акупіравана французамі, канчаткова занята імі ў 1792. У 1814 вернута Сардзініі. У 1860 далучана да Францыі. У Н. нарадзіўся Дж.Гарыбальдзі, пахаваны А.І.Герцэн.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. Прыняць які‑н. выгляд з мэтай падману; прытварыцца. Прыкінуцца хворым. □ [Андрэй] узяў сябе ў рукі, хоць і адчуваў, што прыкінуцца раўнадушным яму вельмі цяжка. Чарнышэвіч. Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, і яна прыкінулася, што спіць. Шамякін.

2. Раптоўна наступіць, прыстаць (пра хваробу). Болька прыкінулася. □ Праз невялікі час рана адкрылася і хвароба прыкінулася. Чорны. Калі захварэў Сярожа на двухбаковае запаленне лёгкіх, а пасля хваробы да кволага хлапчука прыкінулася і яшчэ адна немач, малакроўе, Раіса вымушана была знайсці Дзяніса, прызнацца, што сына трэба ратаваць. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)