незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карналі́т
[ням. Karnallit, ад R. Carnall = прозвішча ням. геолага (1804—1874) + гр. lithos = камень]
мінерал класа хларыдаў, пераважна белага колеру або бясколерны, з якога атрымліваюць калійныя солі, магній.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДРУКА́РСКАЯ ФО́РМА,
плоская або цыліндрычная форма, якая ў сістэме друкавальных (даюць адбіткі фарбы на матэрыяле) і прабельных (прамежкавых) элементаў мае тэкставую і ілюстрацыйную інфармацыю і служыць для шматразовага атрымання адбіткаў. Выкарыстоўваецца ў друкарскіх машынах.
Бывае для высокага друку (набор, клішэ, фотапалімерная форма, стэрэатып), плоскага друку (афсетныя, літаграфскія і фотатыпныя пласціны), глыбокага друку (пакрытыя меддзю і храміраваныя цыліндры), а таксама для металаграфскага, трафарэтнага, электраграфічнага і інш.спец. відаў друку. Матэрыялы Д.ф. — металічныя (друкарскія сплавы, цынк, алюміній, медзь, магній, біметал і інш.), неметалічныя (пластмаса. гума, шкло і інш.) і камбінаваныя. Д.ф. робяць фотанаборнымі, наборна-друкавальнымі і наборна-адліўнымі спосабамі, стэрэатыпныя формы — метадамі гальванапластыкі, прасаваннем і ліццём. З адной Д.ф. можна атрымаць 1 млн. і болей адбіткаў.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІ ((Davy) Гемфры) (17.12.1778, г. Пензанс, Вялікабрытанія — 29.5.1829),
англійскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў электрахіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1803), яго прэзідэнт (1820—27). З 1802 праф. Каралеўскага ін-та ў Лондане. Навук. працы па неарган. хіміі, электрахіміі, па высвятленні прыроды эл. і цеплавых з’яў. Адкрыў абязбольвальнае ўздзеянне закісу азоту (1799), хім. элемент бор (1808) незалежна ад Ж.Л.Гей-Люсака. Атрымаў электролізам солей і шчолачаў калій, натрый, кальцый, стронцый, барый, магній. Прапанаваў вадародную тэорыю кіслот (1815). Апісаў эл. дугу (1808—09), устанавіў залежнасць эл. супраціўлення правадніка ад яго папярочнага сячэння і даўжыні (1821). Сканструяваў бяспечную рудніковую лямпу (1815).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. 3 изд. Т. 1. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛКІ,
драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).
Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мета́л, -у, мн. -ы, -аў, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць і добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці.
○
Высакародныя металы — металы, якія не акісляюцца і не ржавеюць (золата, серабро, плаціна).
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Лёгкія металы — металы, якія валодаюць малой шчыльнасцю, ніжэйшай за шчыльнасць жалеза (алюміній, магній, натрый і інш.).
Цяжкія металы — металы з вялікай атамнай вагой або шчыльнасцю (жалеза, ванадый, свінец, ртуць і інш.).
Чорныя металы — жалеза і яго сплавы (чыгун, сталь).
|| прым.металі́чны, -ая, -ае.
Металічныя грошы.
М. голас (перан.: звонкі і рэзкі).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
МЕТАЛАТЭРМІ́Я (ад металы + грэч. thermē цяпло),
адна з галін металургіі па вытв-сці чыстых металаў, сплаваў, ферасплаваў, лігатур, металідаў і інш.хім. злучэнняў металаў. Прынцып М. (аднаўленне металаў з іх аксідаў алюмініем і інш. элементамі) адкрыты ў 1865 М.М.Бякетавым.
М. заснавана на аднаўленні аксідаў і інш. злучэнняў металаў элементамі, здольнымі ўтвараць аксіды тэрмадынамічна больш трывалыя, чым аксіды металаў, што аднаўляюцца; адбываецца з вылучэннем цяпла. У якасці аднаўляльнікаў звычайна выкарыстоўваюць магній (магніетэрмія), кальцый (кальцыетэрмія), алюміній (алюмінатэрмія; найб. пашырана ў прам-сці), крэмній (сілікатэрмія), бор (боратэрмія).
На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца з 1965 у БПА. Распрацаваны асновы новага кірунку ў М. — металатэрмічнага метаду стварэння сінт. парашковых асяроддзяў для хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў.
Літ.:
Самсонов Г.В., Перминов В.П. Магниетермия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГМА (грэч. magma густая мазь),
расплаўленая, пераважна сілікатная маса, што ўзнікае ў зямной кары або верхняй мантыі Зямлі. У растворы М. прысутнічаюць злучэнні хім. элементаў, сярод якіх пераважаюць кісларод, крэмній, алюміній, жалеза, магній, кальцый, натрый і калій, а таксама лятучыя кампаненты (вада, аксіды вугляроду, серавадарод, вадарод, фтор, хлор і інш.). Асн. фактары ўтварэння магматычнага расплаву: радыягеннае цяпло, раптоўнае змяншэнне ціску пры ўзнікненні глыбінных разломаў, узыходныя цеплавыя патокі. Перыядычна М. ўтварае ачагі ў межах розных паводле саставу і глыбіннасці зон Зямлі (напр., у астэнасферы, у зонах сутыкнення і пасоўвання літасферных пліт). Па колькасці аксіду крэмнію М. падзяляюць на ультраасноўную, асноўную, сярэднюю і кіслую. Трапляюцца таксама М. шчолачная, сульфідная і інш. Пры вулканічным вывяржэнні (гл.Вулкан, Вулканізм) М. выліваецца ў выглядзе лавы, больш вязкая (кіслая) утварае ў жаролах вулканаў экструзіўныя купалы або разам з газамі выкідваецца ў выглядзе попелу. Пры хуткім застыванні на паверхні або дыферэнцыраванай крышталізацыі на глыбіні пры паступовым зацвярдзенні ўтварае комплекс магматычных горных парод. Гл. таксама Магматызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.