капіля́ры

(лац. capillaris = валасяны)

1) трубкі з вузкім унутраным каналам;

2) усякія невялікія вузкія каналы (напр. поры глебы, дрэва);

3) найдрабнейшыя крывяносныя і лімфатычныя сасуды, якія пранізваюць органы і тканкі ў большасці жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,

вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.

У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.

П.​Л.​Новікаў.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.​У.​Чантурыя.

Да арт. Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)