ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мязга́1, мязг̌а, мізга́, мізка́, мезка́, мезга́, меска́ ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай; камбій’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Грыг., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг; бялын., Янк. Мат.; лельч., ЛАПП), ’бульбяныя жамерыны’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), ’мякаць у гарбуза, дзе знаходзіцца насенне’ (ТС, Сцяшк., Мат. Гом.), ’сушаная кара, якую (растоўчанай) падмешвалі да мукі’ (паўн.-зах., КЭС); ’мязга маладых дрэў, якую ўжывалі ў ежу’ (касцюк., паўд.-усх., КЭС); маладз., карэліц. мязг̌ра́ ’насенная частка гарбуза’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), Укр. мезга́, мизка́, моска́, мізька́, ст.-рус. мѣзга, рус. мезга́ ’камбій’, ’мякаць буракоў, бульбы, гарбузоў’, польск. miazga ’адціснутая мякаць, жамерыны’, ’камбій’, miazga/mlazga ’сок дрэў’, н.-луж. кніж. mězga, в.-луж. кніж. měza, чэш. míza ’сок дрэў’, ’лімфа’, ’свежасць, жыццёвая сіла’, славац. miazga ’сок дрэва’, ’лімфа’, славен. mézga, mezgà ’сок дрэў’, ’гразь, лімфа’, ’варэнне, мармелад’, mezgáti ’ціснуць мяккае’, серб.-харв. ме́зга, ме́згра ’сок дрэў’, ’мязга (камбій)’, макед. мазга, мезга ’сок з-пад кары дрэва’, балг. мъзга́, млязга, млезга ’тс’. Прасл. mězga. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: с.-в.-ням. meisch, новав.-ням. Maische ’брага’, ст.-англ. meesc‑, máx‑wyrt ’соладавы корань’, англ. mash ’раздаўліваць’, ст.-інд. mēhati ’выпускае мачу’ (параўн. серб.-харв. ми̏жати, славен. mezéti ’мачыцца’), ст.-літ. mžti ’тс’, авест. maēzaiti ’мочыцца, угнойвае’, ст.-грэч. ὀμείχειν ’тс’, лац. mingere ’мачыцца’, арм. mizem ’мачуся’, і.-е. *moig̑h ’мачыцца’ (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 593; Скок, 2, 417–418; Бязлай, 2, 182). Аднак Аткупшчыкоў (Из истории, 148) супастаўляе словаўтварэнне лексемы мязга́ з мяздра́ і вылучае корань гэтых слоў *men‑ ’мяць’. Гл. таксама мяздра́.

Мязга́2, мезга́ ’снег з дажджом’ (ТС), славен. доленск. mézga ’гразь’. Палеска-славенская ізалекса. Да мязга1 (аб’ядноўвае значэнне ’нешта мяккае; раздушанае’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гідралі́мфа

(ад гідра- + лімфа)

вадкасць, якая цыркулюе ў каналах кішачна-сасудзістай сістэмы некаторых кішачнаполасцевых жывёл, забяспечваючы клеткі пажыўнымі рэчывамі і выводзячы прадукты абмену.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пасо́ка ’свіная кроў’ (віл., паст., Сл. ПЗБ), ’загуслая ў камкі кроў’ (КЭС, лаг.; Нас.), пасыка ’кроў, што вылілася з раны’, ’кроў забітай жывёлы’, ’сукравіца’ (Др.-Падб., Гарэц.). Укр. пасока’ ’сукравіца, кроў’, рус. пасокалімфа, сукравіца’, ’сок дрэва’, польск. posoka, устарэлае posok ’юха, разлітая кроў’, ’сукравіца’, ’юшка з крыві’, ’кроў дзікай жывёлы, якую праследуе сабака’, ’загуслая кроў’. Роднаснымі да іх будуць рус. паўн. осока ’гной з раны’, ’гнаявая жыжка’ і серб.-харв. осока ’сок’, ’сыроватка з-пад брынзы’, ’пот (у жывёл)’, ’мача’, ’сукравіца’. Да па‑ (< прасл. pa‑) з дэмінутыўнай функцыяй і сок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лімфаты́чны

(ад лімфа)

які мае адносіны да лімфы;

л-ая сістэма — сукупнасць сасудаў, вузлоў у пазваночных жывёл і чалавека для адводу лімфы з тканак і органаў у венозную сістэму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гемалі́мфа

(ад гема- + лімфа)

вадкасць, якая цыркулюе ў сасудах і міжклетачных прасторах жывёл з незамкнутай крывяноснай сістэмай (членістаногіх, малюскаў) і пераносіць у арганізме кісларод, вуглекіслату, пажыўныя рэчывы і прадукты выдзялення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)