Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, алешнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,
лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),
група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.