КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.

Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл. Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл. Мазырскі кабельны завод).

У.​М.​Сацута.

Будова трохжыльнага кабелю напружаннем 10 кВ: 1 — медныя токаправодныя жылы: 2 — папяровая ізаляцыя; 3 — запаўняльнікі з папяровага жгута; 4 — слой паясной ізаляцыі з папяровых стужак; 5 — свінцовая абалонка; 6 — папяровая стужка; 7 — праасфальтаваны джут; 8 — браня з стальных стужак; 9 — вонкавае пакрыццё з кабельнай пражы, насычанай нафтабітумам.

Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна будаўніцтва, якая стварае асн. вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял. аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.

П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.

У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс. т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.

Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж. ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)