адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1409 у г.Лейпцыг. У гады фаш. дыктатуры (1933—45) ун-т быў закрыты. У 1946 аднавіў работу. Ф-ты: права, тэалогіі, гіст., філал., адукацыі, мастацтва і ўсходніх дысцыплін, біял., вет., мед., эканам., сац. навук і філасофіі, матэматыкі і камп’ютэрных дысцыплін, фармацэўтычных дысцыплін і псіхалогіі, хіміі і мінералогіі, фізікі і навук аб Зямлі. У 1995 у Л.у. больш за 18,5 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць ін-ты, лабараторыі, н.-д. ўстановы, б-ка (з 1543; больш за 4,2 млн. тамоў), музеі (муз. інструментаў, медыцыны і прыродазнаўства, стараж. свету, егіпталогіі, манет і манускрыптаў), бат. сад, радыёстанцыя. У розны час у ім вучыліся У. фон Гутэн, Т.Мюнцэр, Г.В.Лейбніц, Г.Э.Лесінг, А.М.Радзішчаў, І.В.Гётэ, І.Г.Фіхтэ., Ф.Шлегель, В.Р.Вагнер, Ф.Ніцшэ і інш.; выкладалі К.Людвіг (у яго лабараторыі працаваў І.П.Паўлаў), А.В.Кольбе, В.Вунт, В.Ф.Оствальд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАН ((Riemann) Гуга) (18.7.1849, г. Зондэрсгаўзен, Германія — 10.7.1919),
нямецкі музыказнавец, стваральнік адной з буйнейшых тэарэт. школ музыказнаўства, т.зв. функцыянальнай школы. Ганаровы чл.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1887), Каралеўскай акадэміі ў Фларэнцыі (1894), ганаровы д-р музыкі Эдынбургскага ун-та (1899) і інш. З 1878 выкладаў ва ун-тах Германіі, з 1901 праф. Лейпцыгскага ун-та, з 1908 дырэктар Ін-та музыказнаўства, з 1914 — заснаванага ім Дзярж. ін-та муз. навукі (Лейпцыг). Працы па гісторыі музыкі, муз. эстэтыцы і крытыцы. Распрацоўваў універсальную сістэматызацыю і тэарэт. асновы музыкі на базе аналізу меладычных, гарманічных, рытмічных элементаў, арганізацыі іх у адзінае муз. цэлае. Даў новы погляд на праблему фарміравання венскай класічнай школы, паказаў значэнне творчасці кампазітараў мангеймскай школы і інш. Аўтар «Музычнага слоўніка» (1882; 12-е выд., т. 1—5, 1959—75), «Кіраўніцтва па гісторыі музыкі» (т. 1—5, 1901—13) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г.Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ ПРАЦЭ́С 1933,
судовы працэс супраць камуністаў у г.Лейпцыг (Германія) 21.9—23.12.1933. Адбыўся пасля прыходу да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялісцкай партыі, кіраўніцтва якой (Г.Герынг і інш.) з мэтай правакацыі арганізавала падпал будынка рэйхстага ў Берліне ноччу 27.2.1933, каб абвінаваціць у гэтым апазіцыйную Камуніст. партыю Германіі (КПГ) і разгарнуць супраць яе рэпрэсіі. На месцы здарэння быў арыштаваны галандскі беспрацоўны Ван дэр Любе, па абвінавачанні ў саўдзеле ў падпале — кіраўнік фракцыі КПГ у рэйхстагу Торглер, а таксама балг. камуністы Г.Дзімітроў, Б.Папоў і В.Танеў, якія знаходзіліся ў Германіі. Нацысцкая правакацыя выклікала хвалю пратэстаў у свеце; створаная вядучымі юрыстамі свету Міжнар. следчая камісія на «контрпрацэсе» ў Лондане (вер. 1933) даказала, што рэйхстаг падпалілі герм. нацысты. У гэтых умовах, а таксама дзякуючы прамоўніцкаму таленту Дзімітрова, які даказаў ілжывасць прад’яўленага яму абвінавачання, усе падсудныя (акрамя прыгаворанага да пакарання смерцю Ван дэр Любе) былі апраўданы «за адсутнасцю доказаў».
Літ.:
Процесс о поджоге рейхстага и Георгий Димитров: Док.: В 3 т.Т. 1—2. М., 1981—88;
Димитров Г. Лейпцигский процесс: Речи, письма и документы. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙБНІЦ ((Leibniz) Готфрыд Вільгельм) (1.7.1646, г.Лейпцыг, Германія — 14.11.1716),
нямецкі вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Іенскім ун-тах (1661—66). У 1672—76 на дыпламат. рабоце ў Парыжы. З 1676 на службе ў гановерскіх герцагаў. Заснавальнік (1700) і першы прэзідэнт Берлінскай АН. Адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэм. логікі. Займаўся геалогіяй, біялогіяй, псіхалогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй, юрыспрудэнцыяй. Аўтар шэрагу тэхн. вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Асн. творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Быццё ўяўляў як бясконцую колькасць дзейных субстанцый, непадзельных першаэлементаў — манад, якія з’яўляюцца духоўнымі, дзейнымі ўтварэннямі. Кожная з манад, паводле Л., першапачаткова валодае здольнасцю ўспрымаць (перцэпцыяй), але гэта толькі бессвядомы стан манады; усвядомленым успрыманнем (аперцэпцыяй) валодае толькі чалавек. У тэорыі пазнання Л. імкнуўся пераадолець крайнасць дэкартаўскага рацыяналізму і эмпірызму Дж.Лока, адмаўляў вучэнне Р.Дэкарта пра прыроджаныя ідэі і вучэнне Лока пра душу як «чыстую дошку». Ён лічыў, што існуюць ісціны фактаў (адкрываюцца вопытам) і метафіз. (вечныя) ісціны, якія выяўляюцца з дапамогай розуму. На Беларусі філас. і навук. працы Л. былі вядомы з 1-й пал. 18 ст.; уплыў яго ідэй заўважаецца ў працах Б.Дабшэвіча, Г.Каніскага і інш.бел. мысліцеляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс.км². Нас. каля 2,9 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав.акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ (Іван Пятровіч) (н. 11.7.1930, в. Падбулькова Брэсцкага р-на),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959), выкладаў у ім у 1962—65. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, манум.-дэкар. мастацтве. Тэматычныя карціны: «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Прызванне», «Дзякуй, мама!» (абедзве 1975), «З вогненнай вёскі» (1978), «Боль вогненных гадоў. Год 41-ы» (1984), «Зямля мая беларуская» (1985); пейзажы: «Івянец» (1973), «Плошча Перамогі» (1981), «Малінавы звон» (1983), «Апошні снег» (1985), «Ранішні прамень» (1988), «Беларуская восень» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (абодва 1995), «Блакітны ранак» (1997), «Замярзаючы стаў», «Лагодная зімка» (абодва 1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (абедзве 2000); партрэты, нацюрморты. Шэраг твораў прысвечаны дзеячам бел. л-ры: «На радзіме Я.Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М.Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай» (1983) і інш. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святлопаветранага асяроддзя. Аўтар сграфіта «Спорт» у Бел. акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, з С.Мусінскім), вітражоў «Беларусь» для павільёна на міжнар. кірмашы ў г.Лейпцыг (Германія) і «Айчынная вайна» ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску (1967, усе ў сааўт. з І.Эйдэльманам).
Літ.:
Карнач П.А. Шчодрасць сэрца // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),
бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар.арг.СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж.бел.эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел.нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел.нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).
Літ.:
Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;
Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.